У Менску 13–14 кастрычніка прайшла Другая (не)канфэрэнцыя настаўнікаў EdCamp Belarus 2018, дзе найлепшыя беларускія пэдагогі прэзэнтавалі свае мэтодыкі.
Ганна Севярынец выкладае ў Смалявіцкай гімназіі расейскую мову, але тэма яе майстар-клясы — «Беларускае — перадусім. Беларусізацыя адукацыі як падмурак кардынальных зьменаў у сыстэме адукацыі».
1. Быць гаспадаром на сваёй зямлі
Першае пытаньне, якое Ганна Канстанцінаўна задае сваім вучням — што дае ім магчымасьць адчуваць сябе гаспадаром на сваёй зямлі?
«Я сваім дзецям гэтую фразу паўтараю пастаянна. Але ў людзей няма адчуваньня гаспадара на сваёй зямлі не па сваёй віне — 300 год гэта пачуцьцё ў нас выскрабалі, сьвядома выразалі, зьнішчалі. І першы твор, які мы вывучаем у 5-й клясе — казка „Царэўна-жабка“. Іван-царэвіч па жыцьці плыў за вадой, Васіліса за яго ўсё вырашала. І тут яму даводзіцца самастойна прымаць рашэньне! Ён кідае жабчыну скуру ў агонь — і робіць памылку», — распавядае Ганна Севярынец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзеці ня хочуць, бацькі патрабуюць. Настаўнікі — могуць? Выкладчыкі-энтузіясты дзяліліся досьведам у МенскуШто адбываецца з чалавекам, калі ён сам прымае рашэньне? Дзеці пытаюцца, што гэта значыць. І другое пытаньне — навошта? Бо калі ты гаспадар — гэта цяжка, — працягвае Ганна.
«Дзеці, пакуль іх не пераламалі дарослыя, хацелі б гаспадарыць. Яны прагнуць самі складаць правілы. І ёсьць толькі адзін шлях, які выпрабавала шмат дзяржаў — толькі праз нацыянальную культуру. І праз мову.
А ў нашых дзяцей ёсьць унікальная магчымасьць. Беларуская культура полілінгвістычная — у нас было 4 мовы: беларуская, расейская, польская і ідыш. І творцы мелі магчымасьць рабіць гэта на любой з чатырох моваў. Гэта ўнікальная зямля — дзе кожны мае магчымасьць быць самім сабой», — перакананая настаўніца.
2. Расейскія клясыкі — праз прызму беларушчыны
На думку Севярынец, бессэнсоўна навязваць дзецям банальныя рэчы кшталту «беларуская мова — матчына мова» (бо для некаторых гэта ўжо няпраўда). Таму на сваіх уроках расейскай літаратуры настаўніца шукае «беларускі аспэкт».
Часьцяком настаўнікі прыводзяць аналёгію, што лёс Максіма Багдановіча, які адышоў у 27 гадоў, нагадвае лёс Лермантава. Ганна Севярынец на сваіх уроках адзначае, што лёс Лермантава нагадвае лёс Максіма Багдановіча, хоць гэта і храналягічна няправільна.
Калі настаўніца расказвае дзецям пра Пушкіна, яна заўсёды чытае «Клеветникам России» — верш, за які зь ім пасварыўся Адам Міцкевіч (яны былі блізкія сябры, Пушкін нават ставіў Міцкевіча вышэй за сябе).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Словы і вобразы»: школьны падручнік літаратуры і мастацтва, які чытаецца як дэтэктыў«Менавіта праз гэты верш Пушкін пасварыўся зь Міцкевічам, бо Пушкін ухваліў імпэрскі дух Расеі, выступіў як махровы рэакцыянэр.
Калі мы праходзім Някрасава, я не расказваю, як Някрасаў, насуперак ягоным вершам, перажываў за лёс рускага народу, бо ён быў заможным памешчыкам, меў шмат зямлі. Але, каб выдаваць свой часопіс „Современник“, ён напісаў „Оду“ Мураўёву-вешальніку, які задушыў паўстаньне Каліноўскага. Паэт напісаў такую оду, што назаўтра студэнты рвалі ягоныя партрэты і высылалі абрыўкі на ягоны адрас. Някрасаў не чакаў такога грамадзкага асуджэньня.
Мы робім акцэнт не на той грамадзкой пазыцыі, якую займаў Някрасаў адносна расейскага самаўладзьдзя, а на той пазыцыі, якая тычтылася нас. Мы гутарым пра тое, што рускі чалавек будаваў такую сыстэму „пад сябе“ — і што здараецца, калі ты не гаспадар на сваёй зямлі.
Калі мы чытаем „Недоросля“ Фанвізіна, то праз прызму імпэратрыцы Кацярыны, якая акупавала Рэч Паспалітую», — прыводзіць яскравыя прыклады Ганна Севярынец.
Што да іншых прадметаў, настаўніца лічыць, што таксама ёсьць вельмі шмат нагодаў гаварыць пра Беларусь. Яна прыводзіць прыклад зь «Інбелкультам», які за лічаныя гады зрабіў усе падручнікі па-беларуску: людзі, якія ня мелі вышэйшай адукацыі, бо Віленскі ўнівэрсытэт быў закрыты, а ў Беларусі законам было забаронена мець вышэйшую адукацыю, «самавукам, самаходам, самапехам» за 5 год паднялі беларускую адукацыю.
3. Вандроўкі па Беларусі: ня толькі раскручаны Нясьвіж, але і малавядомыя Манькавічы зь Цімкавічамі
Ганна арганізуе вандроўкі толькі беларускія, і туды езьдзяць толькі тыя дзеці, якія жадаюць — ніякіх дадатковых адзнак, бонусаў за актыўнасьць не бывае. Стараюцца мінімізаваць выдаткі — плацяць толькі за аўтобус і за экскурсіі на месцы. Самая ўдалая: Вязынка — Ракуцёшчына — Залесьсе.
«Вязынка — бо гэта, акрамя Янкі Купалы, вясковы побыт. Ракуцёўшчына — гэта шляхецкі побыт. А Залесьсе — гэта магнатэрыя. Адначасова глядзім гістарычную пэрспэктыву — што было і што зрушылася. Музэй у Вязынцы інтэрактыўны, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Гэта маршрут па віленскім шляху — пра Вільню асобная тэма. Бо Вільня — наш горад», — кажа Ганна.
Іншыя цікавыя варыянты вандровак: Цімкавічы (з музэем Кузьмы Чорнага) — Нясьвіж. Таксама Мядзел — Манькавічы — сядзіба Друцкіх-Любецкіх. Падчас вандровак — наведваньне музэяў.
P.S. «Я паказваю дзецям на ўласным прыкладзе, што ў побыце размаўляю па-беларуску»
Таксама Ганна, маючы асабістыя кантакты, лёгка арганізуе сустрэчы з самымі рознымі беларускімі літаратарамі — ад клясыкаў да «трэндавых».
«Мае дзеці ведаюць, што на ўроку я лёгка пераходжу на беларускую мову, калі гэта дарэчы. Я даю дзецям прыклад, што ў побыце размаўляю па-беларуску, па тэлефоне адказваю па-беларуску. З настаўнікамі таксама размаўляю па-беларуску. Таму самае галоўнае — асабісты прыклад», — робіць выснову выкладчыца расейскай мовы Ганна Севярынец.