На многіх вырабілі моцнае ўражаньне заявы Аляксандра Лукашэнкі, зробленыя на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі, наконт «рускіх гарадоў Віцебску і Магілёву». Па ідэі кіраўніку сувэрэннай дзяржава не варта было б, нават мэтафарычна, «аддаваць» свае гарады замежнай дзяржаве, хай і вельмі дружалюбнай. Кепская прыкмета, як той казаў.
Асабліва на фоне падзей ва Ўкраіне ў апошнія гады, дзе словы пра «нашы», «рускія» гарады і землі набылі трагічны і зусім не мэтафарычны палітычны сэнс.
Зразумела, не варта перабольшваць цану палітычнай рыторыцы. Учора гаварылася пра «барбарскую палітыку Расеі», сёньня сказана пра «рускія гарады Віцебск і Магілёў», заўтра – ізноў пра «барбарства».
Але часам на падобную рыторыку палітыкаў ловяць.
Днямі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з паслом Расеі Міхаілам Бабічам, сказаў, што Пуцін ніколі не прапаноўваў Беларусі ўвайсьці ў склад РФ. На самай справе, як узгадалі палітычныя старажылы, прапаноўваў, і прычым прамым тэкстам. У 2002-м годзе.
І тады спрацавала менавіта пастка рыторыкі. Лукашэнка да таго гадамі запэўніваў усіх, што Беларусь гатовая інтэгравацца з Расеяй настолькі глыбока і далёка, наколькі гатовая Расея. Ну вось Пуцін тады і прадэманстраваў, што Расія гатовая да канца. А Беларусь – не. Прымушаць да зьліцьця тады не сталі, але выйшла не вельмі прыгожа. Высьветлілася, што словы не дорага каштуюць, што падобныя шчыраваньні – не больш чым спосаб выбіваньня з партнэра разнастайных выгод і прэферэнцыяў.
Так і цяпер – прыкладна тое ж самае. Але тут цікавая ідэалягічная подбіўка. У рамках палітычнай філязофіі Лукашэнкі гэта такі палітычны гамбіт. Яго цяперашнія заявы аб «рускіх гарадах» пераклікаюцца зь яго ж заявамі ў інтэрвію НТВ у 2003 годзе: «У Расеі я сапраўды як дома, таму што гэта мая Масква, гэта мая Расея, краіна, у якую беларусы ў свой час уклалі душу... Я піцерскім не стану. Я быў ленінградцам і застануся ленінградцам ».
Словам, усё нашае – вашае. Але і ўсё вашае – нашае. У тым жа сэнсе. А не ў крымскім. Ёсьць рызыка, што ў Расеі ў нейкі момант могуць не зразумець тонкіх адрозьненьняў.
Дарэчы, Пуцін адрэагаваў на шчодрую «прапанову» Магілёва даволі холадна, усяго толькі назваўшы горад «прыгожым» і пахваліўшы гарадзкія ўлады. Без асаблівага імпэту і не адзначыўшы ўнёсак калегі-прэзыдэнта ў росквіт яго «малой радзімы». «Рускім горадам» усьлед за гасьцінным гаспадаром не назваў і тое дзякаваць Богу.
Калі казаць пра практычны бок, то найбольш важная для Беларусі частка магічнай формулы – «а ўсё вашае – нашае» – не сказаць, каб была рэалізавана ў поўнай меры.
Пасьля абедзьвюх сустрэч на вышэйшым узроўні ў Сочы гучалі запэўніваньні, што ўсе спрэчныя пытаньні ўжо вырашаныя, не стала выключэньнем і сустрэча ў Магілёве.
Але ў апошнім выпадку гэта аказалася блізкім да ісьціны. Сапраўды, напярэдадні магілёўскага форуму Менск і Масква падпісалі пагадненьне аб гандлі нафтай і нафтапрадуктамі, літаральна падчас форуму ў Менск прыйшлі доўгачаканыя 200 мільёнаў даляраў крэдыту па лініі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця.
Кажуць, што калі ў СССР распрацавалі мадэль савецкай аўтамашыны, яе паказалі Сталіну. Правадыр крытычна паглядзеў, спытаў, як назвалі. «Перамога» – быў адказ. «Перамога, але невялікая» – ацаніў Сталін.
Ну вось з апошнімі беларуска-расейскімі дамовамі падобная сытуацыя. Грошы, вядома, вельмі да месца. Іх чакалі яшчэ паўгоду таму. Да канца 2019 года не мяняюцца ўмовы гандлю сырой нафтай, застаецца мэханізм і аб'ёмы так званай «перетаможкі», якія прыносяць Беларусі вялікія сумы.
А вось у тым, што тычыцца нафтапрадуктаў, сытуацыя не падобная нават на невялікую перамогу. Як паведамлялася яшчэ ў жніўні, як у верасьні заяўлялі міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак і чыноўнік мінфіну РФ Аляксей Сазанаў, пра тое і дамовіліся. Імпарт нафтапрадуктаў з Расіі, якія можна рээкспартаваць або перапрадаць пасьля перапрацоўкі, зводзіцца да нуля.
Што на гэтым страціць Беларусь? Вельмі просты разьлік. У мінулым годзе Беларусь купіла ў Расеі 3.3 мільёны тон нафтапрадуктаў. Экспартнае мыта на іх варʼюецца ад 40 да 75 долараў за тону. Ну вось і атрымліваецца, што калі Беларусь усе гэтыя нафтапрадукты проста перапрадавала ў трэція краіны, у ЭЗ і ва Ўкраіну, то верхняя ацэнка выйгрышу – ад 120 да 225 мільёнаў долараў.
Ацэнка вельмі грубая. На самай справе нешта ішло на ўнутранае спажываньне (а гэтыя пастаўкі захаваюцца і нават трошкі павялічацца), значная частка імпартаваных нафтапрадуктаў складалі так званыя цёмныя нафтапрадукты, а на іх экспартнае мыта ў раёне 40 даляраў за тону.
У выніку страты прыкладна 100-150 мільёнаў даляраў. Гэта не мільярд, нават не сотні мільёнаў. Але гэта значныя страты. Якія, так уяўляецца, Расея не зьбіраецца кампэнсаваць. Не ўсе нашае – вашае, сказалі ў Маскве.
Што да «рускіх гарадоў», то ў праблемы ёсьць цікавы аспэкт. У апошні час адразу некалькі расейскіх інфармацыйных рэсурсаў, у першую чаргу, папулярны Телеграм-канал «Незыгарь», сталі абмяркоўваць тэму далучэньня Беларусі да Расеі, пры гэтым спасылаючыся на тое, што нібыта менавіта пра гэта ішлі размовы ў Пуціна з Лукашэнкам у Сочы падчас і першай і другой сустрэчаў.
Ускосна пра тое, што падобныя размовы вядуцца, магчыма, і ў калідорах расейскай улады, сьведчаць запэўніваньні Лукашэнкі, зробленыя ў гутарцы з расейскім паслом, наконт непахіснасьці беларускага сувэрэнітэту, і рашучыя абяцаньні раздаць беларусам 7 мільёнаў аўтаматаў, калі давядзецца абараняць бацькаўшчыну.
Спадар пасол ніяк на сувэрэнітэт Беларусі не замахваўся, па меншай меры публічна, абяцаньне раздаць аўтаматы не вельмі зразумелае, калі ніякай пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны няма. Наўрад ці гэтыя заявы былі толькі раздражнёнай рэакцыяй на шчыраваньні «Незыгаря».
Напэўна, без нейкага крамлёўскага «агню» не было б і «дыму» «Незыгаря». На «агонь» і была рэакцыя. Не абавязкова на бушуючае полымя, на пажар. Хутчэй, на «агеньчык», на абмеркаваньні, на роздум – а ці не паспрабаваць, а што з гэтага атрымаецца?
У пэўным сэнсе і заявы пра »рускія гарады» – гэта таксама рэакцыя на падобныя размовы. Лукашэнка не раз выкарыстаў тактыку «схавацца ад Расеі ў яе абдымках». У менш вобразным пляне гэта – выкарыстаньне беларускай «мяккай сілы». У Расеі Беларусь любяць, рускіх у Беларусі не гнабяць, больш за тое, і мы самі, і гарады нашы – рускія. Дык навошта вам большага?
У палітычным і вайскова-палітычным пляне можа і паўзьдзейнічае. Як сказаў расейскі палітоляг Леанід Радзіхоўскі, для расейцаў увод войскаў у Беларусь – гэта як увод войскаў у Тульскую вобласьць. У гэтым параўнаньні – і канстатацыя блізкасьці, але і мэханізм прадухіленьня далейшага збліжэньня: а Беларусь-та (а Тулу-та) за што?
Ну а ў эканамічным пляне, як бачым, гэтыя трукі даюць даволі сьціплыя вынікі.
А ў пэрспэктыве – не хацелася б паўтарэньня пасткі 2002 году. Рускія гарады, кажаце? Мы таксама так думалі і думаем. Але вы гэта самі сказалі.
Перадрук з парталу TUT.BY