Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак патлумачыў некаторыя дэталі «нафтавага» пратаколу, які падпісалі 10 кастрычніка прадстаўнікі Расеі і Беларусі.
Па-першае, ён назваў час дзеяньня гэтага дакумэнту — зь лістапада 2018 году да канца 2019 году. Па-другое, ён удакладніў, што забарона распаўсюджваецца на экспарт сьветлых і цёмных нафтапрадуктаў, а таксама звадкаванага газу. Па-трэцяе, пратакол усё ж прадугледжвае часткова пастаўкі пэўных нафтапрадуктаў, якія не вырабляюцца ў Беларусі і якія неабходныя краіне для ўнутранага спажываньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўводзіць забарону на экспарт нафтапрадуктаў у Беларусь да канца 2019 годуМарголін: Расея супраць беларускага рээкспарту
Эканаміст Леў Марголін кажа, што Расея пастаўляла ў Беларусь нафтапрадуктаў, паводле розных падлікаў, у 8–12 разоў болей, чым патрэбна беларусам для ўнутранага спажываньня. Усе лішкі Беларусь перапрадавала за мяжу і мела ад гэтага сотні мільёнаў даляраў прыбытку. Гэтыя грошы ішлі ў беларускі бюджэт, а расейскі нічога не атрымліваў. Нарэшце расейцы сказалі: хопіць, тое, што вам патрэбна для сябе, мы дадзім. А на лішкі больш не разьлічвайце.
Экспэрт адзначае, што нафтавыя дачыненьні Расеі і Беларусі ўвайшлі ў форму своеасаблівага спаборніцтва:
«Мы вынаходзім нешта новае, што дазваляе цягнуць грошы з Расеі. Некаторы час гэта дзейнічае. Пасьля расейцы бачаць падвох і рэагуюць на яго. Мы некаторы час брыкаемся, спрабуем даказаць, што робім усё правільна. Але ўсё ж пазьней вымушаны зьмірыцца з тым, што робіць Расея».
На пытаньне, чаму расейцы не адразу спыняюць беларускія «вынаходкі», спадар Марголін адказвае, што тут ня ўсё так проста:
«Справа ў тым, што ў Беларусі ёсьць расейскія сеткі продажу нафтапрадуктаў. І калі расейская кампанія прывозіць у Беларусь нешта з Расеі, то адразу цяжка выявіць, куды яно дзяецца: пайшло ў розьнічны гандаль ці ад імя нейкай беларускай кампаніі накіраванае ў Эўропу? Каб спыніць гэты працэс, Расея і будзе пастаўляць толькі тое, што не вырабляюць заводы ў Мазыры і Наваполацку».
Экспэрт лічыць, што рашэньне, якое абвясьціў расейскі бок, не прывязанае да магілёўскага форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі:
«Прыйшоў час гэтае пытаньне вырашаць. Не было б сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Магілёве, была б нейкая іншая».
Заіка: беларускія ўлады па-ранейшаму жывуць адным днём
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што сёньня трэба не выпрошваць чарговым разам прэфэрэнцыі ў расейцаў, а думаць над стратэгіяй:
«Ну навошта нам два нафтаперапрацоўчыя заводы, калі пасьля 2025 году Эўропа пяройдзе на электрычнасьць? Хто будзе купляць тады беларускі бэнзін? Хіба толькі тыя, хто застанецца жыць у вёсках і ў каго нічога няма, акрамя састарэлага „Фальксвагена“. Канечне, усе разумеюць, што гэты працэс ня будзе аднамомантавы. Але мазгі трэба мяняць ужо сёньня».
Экспэрт кажа, што Беларусі трэба браць прыклад з Ізраілю. 10 кастрычніка ўрад гэтай краіны афіцыйна заявіў: ад 2025 году ўводзіцца забарона на ўвоз у краіну любых аўто з рухавіком унутранага згараньня:
«Там ва ўрадзе ёсьць выхадцы зь Пінску, Бабруйску. А свае, якія таксама зь Пінску, Бабруйску, а цяпер у Менску, чаму яны маўчаць?»
Леанід Заіка кажа, што ўраду трэба зараз думаць не пра тое, як выбіць больш нафты і нафтапрадуктаў з Расеі, а пачаць вырашаць лёс двух вялікіх заводаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя нафтадамовы могуць вярнуць эпоху «разбаўляльнікаў і растваральнікаў» — экспэртАсобна пра сырую нафту
Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ігар Ляшэнка 12 кастрычніка ў Магілёве заявіў журналістам, што «ўчора паступілі грошы ад перамытненьня нафты. Мы атрымалі 263 мільёны даляраў. Расейцы недаплачвалі нам зь ліпеня».
Летась Расея і Беларусь падпісалі дамову на 2017–2018 гады, паводле якой расейцы будуць пастаўляць штогод на беларускія НПЗ 18 мільёнаў тон сырой нафты на перапрацоўку, а яшчэ 6 мільёнаў тон на «перамытненьне». То бок Расея пералічвае ў беларускі бюджэт мыта за гэтыя 6 мільёнаў.
Але, як заяўляў раней Аляксандар Лукашэнка, расейскі бок раптам пачаў недаплачваць мыта. Якую суму складае недаплата, нідзе не называецца.
На думку экспэртаў, сытуацыя ўзьнікла таму, што пры падпісаньні дамовы барэль нафты каштаваў 40–50 даляраў. Апошнім часам нафта падаражэла, і, як абураўся кіраўнік Беларусі, «сёй-той з так званых разумных лібэралаў — ня буду называць прозьвішчы — у Мінфіне Расеі пабачыў, што беларусы занадта шмат атрымалі і пабяднеў расейскі бюджэт... І расейцы спынілі пералічэньне часткі грашовых сродкаў».
Цяпер, зыходзячы з паведамленьня Ігара Ляшэнкі, грошы зноўку выплачваюцца ў поўным аб’ёме. Ускосна гэта пацьвярджаюць і словы віцэ-прэм’ера Ляшэнкі ў Магілёве, што «гэты мэханізм (перамытненьня) ня мае канкрэтнай лічбы і залежыць ад кошту барэля нафты».
Намесьнік кіраўніка беларускага ўраду таксама паведаміў, што з 1 лістапада Менск і Масква пачнуць кансультацыі аб кампэнсацыі стратаў беларускага бюджэту ад расейскага падатковага манэўру. Ён удакладніў, што працоўныя групы ўжо пачалі сваю працу. А на 1 лістапада заплянаваны першы раўнд перамоваў на ўзроўні віцэ-прэм’ераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расейскаму паслу Бабічу: «Гаварыць пра ўключэньне Беларусі ў склад Расеі проста сьмешна»