Сынод Усясьветнага патрыярхату сёньня ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) праваслаўнай царкве ва Ўкраіне і адначасова аднавіў кананічны статус кіраўнікоў дзьвюх цэркваў — патрыярхаў Філарэта (Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату) і Макарыя (Украінская аўтакефальная праваслаўная царква).
У прыватнасьці, Сынод прызнаў незаконнай анэксію Расейскай праваслаўнай царквой Кіеўскай мітраполіі ў 1686 годзе.
Такім чынам, ва Ўкраіне адкрыты шлях да стварэньня адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Неўзабаве архірэі трох украінскіх праваслаўных цэркваў зьбяруцца на аб’яднаўчы сабор, каб абраць новага кіраўніка — менавіта яму будзе ўручаны адпаведны ўказ Усясьветнага патрыярха, гэтак званы томас.
Камэнтуючы рашэньне Ўсяленскага патрыярхату, Патрыярх Філарэт выключыў магчымае супрацьстаяньне ў грамадзтве на рэлігійнай глебе: «Масква хоча, каб было супрацьстаяньне. Мы, украінцы, гэтага ня хочам, бо ня хочам ствараць нагоду для вонкавага ўмяшальніцтва ў нашы ўкраінскія справы. Аб’яднаньне будзе добраахвотным, ніякага гвалту ня будзе. Мы хочам, каб украінская царква была адзінай ня толькі па форме, а і па духу».
Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату пацьвердзіў, што частка сьвятароў Маскоўскага патрыярхату ўжо заявілі пра намер далучыцца да адзінай памеснай царквы: «Неўзабаве мы склічам архіярэйскі сабор, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі Кіеўскага патрыярхату, аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Маскоўскага патрыярхату — тыя, хто гэтага захоча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Масквы ў Канстантынопаль. Навошта Ўкраіне адзіная памесная царква і як яна паўплывае на БеларусьРасейская праваслаўная царква ў 1997 годзе наклала анатэму на патрыярха Філарэта за «раскольніцкую дзейнасьць ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве».
Цяпер кіраўніцтва РПЦ перакананае, што прадстаўнікі Кіеўскага патрыярхату, часткі Маскоўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы парушылі каноны, калі зьвярнуліся па аўтакефалію да Ўсяленскага, а не Маскоўскага патрыярхату.
Зварот прадстаўнікоў трох украінскіх праваслаўных цэркваў да Ўсяленскага патрыярхату аб аўтакефаліі падтрымалі прэзыдэнт, урад і Вярхоўная Рада Ўкраіны.
Сёлета ў красавіку Ўсясьветны патрыярхат (Стамбул, Турэччына) распачаў працэдуры, неабходныя для наданьня аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царкве.