Штогод перад набліжэньнем уручэньня прэміі Гедройця ў Беларусі згадваюць пра сучасную беларускую літаратуру і спрабуюць зразумець, чаму яна такая — ня надта папулярная.
Мне асабіста кожны год даводзіцца нагадваць сваім знаёмым відавочныя рэчы. Пра тое, што Міністэрства адукацыі робіць усё магчымае, каб пры словах «беларуская літаратура» школьніку рабілася млосна, бо ў падручніках прапануюць малазразумелыя сюжэты на малазразумелую тэматыку. Пра манапалізацыю дзяржавай прасторы для продажу кніг. А таксама пра дзяржаўную манаполію на тэлевізію, якая ўсё яшчэ апярэджвае інтэрнэт ва ўплыве на людзей.
«Я ўпершыню за дваццаць гадоў прачытала па-беларуску кніжку», — піша вядомая ў шырокіх колах блогерка пра аднаго з сучасных аўтараў. Прабачце, вы сябе дваццаць гадоў абкрадалі: як мінімум дзясяткі два вельмі цікавых аўтараў (папраўдзе болей) прайшлі міма вас. Яшчэ адна важная праблема, датычная ня толькі літаратуры, — адсутнасьць пераемнасьці. Створанае ў 1990-я зьнікае са сьвядомасьці, нібы хваля змывае напісанае на пяску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 самых публікаваных пісьменьнікаў БССРШтогод перад набліжэньнем «Гедройця»... Тут ключавое слова «штогод». Тыя, хто сочаць за калялітаратурнымі працэсамі, ужо прызвычаіліся да «штогод». Магчыма, прэмія імя Ежы Гедройця — гэта тая нітка, на якую нанізваюць пярлінкі гадоў і якая гарантуе пераемнасьць часоў. Толькі за гэта ўжо можна дзякаваць тым, хто ахвяруе грошы і энэргію на арганізацыю прэміі.
Але ніякая прэмія ня змусіць палюбіць сваё. Цікавіцца сваім, падтрымліваць сваё. Тут ужо трэба для пачатку палюбіць сябе. Але гэта тэма для аднаго зь верагодных рамана, пʼесы ці сцэнару. Магчыма, таго самага, які палюбіць большасьць беларусаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня стане вядома, каму дадуць прэмію Гедройця. Дзе, калі, хто прэтэндуе і хто судзьдзі