Што хаваецца за зьменай кіраўніцтва FIDE? Якая сытуацыя ў беларускіх шахматах? Чаму бацькі па-ранейшаму аддаюць дзяцей у шахматысты?
На пытаньні Свабоды адказала віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў (FIDE), старшыня Беларускай фэдэрацыі шахматаў Анастасія Сарокіна.
— У Міжнароднай фэдэрацыі шахмат (FIDE) зьмяніўся прэзыдэнт. Кірсан Ілюмжынаў вымушаны быў пакінуць гэту пасаду, якую займаў з 1995 году. Гэтага запатрабавала прэзыдэнцкая рада FIDE. Ці было гэта справядлівым?
— Я памятаю выбраньне Ілюмжынава, тады сама яшчэ гуляла ў шахматы. Ён вельмі шмат зрабіў, але, відаць, прыйшоў час новым людзям, новай хвалі разьвіваць наш любімы від спорта. Я рада за Аркадзя Дварковіча, ён не чужы чалавек у шахматах. Ягоны бацька Ўладзімер Дварковіч быў вядомым судзьдзём міжнароднага ўзроўню. У Маскве ёсьць гасьцёўня Ўладзімера Дварковіча, дзе праводзяцца шахматныя падзеі. Я думаю, што ў FIDE вялікая будучыня.
— У 2015 годзе Ілюмжынаў трапіў у санкцыйныя сьпісы ЗША з прычыны падтрымкі Башара Асада, і ў фэдэрацыі пачаліся фінансавыя цяжкасьці.
— Я не палітык, каб разважаць на гэтыя тэмы. Але як шахматыстка я глыбока паважаю Кірсана Мікалаевіча і ягоны ўклад у разьвіцьцё шахматаў, за ўсе турніры, якія ён праводзіў за свой кошт і з залучэньнем спонсараў. Усяму свой час. Цяпер зьявіўся новы чалавек, які зробіць ня менш.
«Была перадвыбарчая гонка. Але скончылася»
— Віцэ-прэзыдэнт FIDE Георгіяс Макропуляс абвінаваціў Дварковіча ў несумленнай канкурэнцыі і выкарыстаньні палітычнага ціску. Сьцьвярджалася, што Расея магла прапанаваць спонсарскую дапамогу сэрбскай фэдэрацыі ў абмен на голас за расейскага кандыдата. Таксама падтрымаць Дварковіча Пуцін прасіў прэм’ер-міністра Ізраілю. Дварковіч у адказ абвінавачваў Макропуляса ў карупцыі.
— Гэта была перадвыбарная гонка. Выбары скончыліся, і таму ніякіх камэнтароў даць не магу. На гэты момант фармуецца новы штат FIDE. Сярод намесьнікаў старшыні Макропуляса няма. Але паглядзім, як далей будуць разьвівацца падзеі; багата прыстойных людзей хочуць працаваць у FIDE.
«Мяне Дварковіч не прызначаў»
— А як адбылося ваша выбраньне ў віцэ-прэзыдэнты FIDE?
— Адпаведна статуту прэзыдэнт FIDE мае права прызначыць віцэ-прэзыдэнтаў, а пяць зь іх выбіраюцца. Мяне Аркадзь Уладзімеравіч не прызначаў. Я была выбраная з 11 кандыдатаў. У першым крузе праходзяць тры кандыдаты, і я прайшла. Я заняла другое месца па выніках галасаваньня пасьля Міхаіла Хадаркоўскага з ЗША, які набраў 107 галасоў. У мяне было 99 галасоў.
Гэтая прэстыжная пасада дасьць магчымасьць працаваць у FIDE, разьвіваць шахматы ў Беларусі і на міжнародным узроўні. Гэта і прызнаньне маёй любімай Беларусі. Нас ведаюць, мы зрабілі вялікі ўклад, правялі шмат чэмпіянатаў. Раней шахматысты зь Беларусі не займалі такіх пасадаў. Пра мае абавязкі як віцэ-прэзыдэнта стане вядома на першай прэзыдэнцкай нарадзе ў лістападзе ў Лёндане.
— Беларусь адразу падтрымала кандыдатуру Дварковіча?
— Мы былі першыя, хто яму выказаў падтрымку.
«Чакаем падтрымкі ў правядзеньні алімпіяды»
— Чаго вы чакаеце ад новага старшыні FIDE для Беларусі?
— Галоўнае, што мы выйгралі правядзеньне шахматнай алімпіяды 2022 году. Гэта вялікі крок як для шахматаў, так і наогул для спорту, міжнародных стасункаў. Мы чакаем падтрымкі ў правядзеньні гэтай алімпіяды. Дварковіч быў пазытыўна настроены да нашай заяўкі. Я чакаю разьвіцьця шахматаў і правільных шахматных хадоў.
— Наконт алімпіяды — як удалося абысьці канкурэнтаў?
— Нас падтрымалі на самым высокім узроўні. У нас была моцная заяўка, мы добра падрыхтаваліся. Прыяжджала інспэкцыя FIDE, паглядзелі нашу інфраструктуру, гатэлі, «Менск-арэну». У нас былі сур’ёзныя сапернікі — Туніс і Паўднёвая Карэя, якая ў апошні момант заявіла пра гатоўнасьць павялічыць бюджэт заяўкі ў два разы. Але дэлегаты аддалі перавагу нам.
«Стала запатрабаванай прафэсія шахматнага трэнэра»
— Як вы ацэньваеце сёньняшнюю сытуацыю ў беларускіх шахматах?
— Цягам ужо некалькіх гадоў мы перажываем шахматны бум. Бацькі вядуць дзетак у школы. Апроч дзяржаўных, адкрываецца шмат прыватных шахматных школаў. Стала запатрабаванай прафэсія шахматнага трэнэра. На гэты момант у нас нават бракуе трэнэраў. Ва ўнівэрсытэце фізкультуры некалькі гадоў ужо вядзецца набор на трэнэрскі шахматны факультэт. Гэта наша вялікая ўдача і радасьць, што моладзь гатовая ісьці працаваць трэнэрам. Значыць, прэстыж прафэсіі расьце.
Нашы маладыя шахматысты радуюць сваімі вынікамі, яны прывезьлі вялікую колькасьць мэдалёў з чэмпіянатаў, якія праходзілі летам. І цяпер літаральна праз тыдзень каманда накіроўваецца на чэмпіянат сьвету. Ёсьць зьмена пакаленьняў, хаця трэба больш працаваць над дзіцяча-юнацкімі шахматамі.
Што да зборнай Беларусі, якая выступала на алімпіядзе, то дзяўчаты згулялі вельмі добра. Яны занялі другое месца ў групе, крышку іх абагнала каманда Ўзбэкістану. І агульнае 18-е месца — гэта добры вынік для нашай жаночай каманды. З хлопчыкамі ня так добра сытуацыя выглядае, таму будзем шукаць прычыну.
Шахматы — гэта індывідуальны від спорту, часам цяжка гуляць у камандзе. Але спадзяюся, што на хатняй алімпіядзе мы парадуем нашых заўзятараў.
«Выбіраюць шахматы як прафэсію»
— Чаму, як і ў савецкія часы,сёньня бацькі імкнуцца аддаць сваіх дзяцей у шахматную сэкцыю?
— Шахматы — гэта інтэлектуальная будучыня краіны. Цяпер ужо можна выбіраць шахматы як прафэсію, бо грасмайстар, міжнародны майстар можа зарабляць і жыць ад гэтай прафэсіі. Але калі дзеці ня стануць грасмайстарамі, шахматы дапамогуць ім у жыцьці ў многіх аспэктах.
Вялікая колькасьць бізнэсоўцаў, палітыкаў, пасьпяховых людзей успамінаюць, што ў дзяцінстве займаліся шахматамі. Шахматы разьвіваюць лёгіку, разьлік варыянтаў, дзіця вучыцца прымаць сваё першае самастойнае рашэньне, які ход зрабіць. Крыху пазьней яно пачынае разумець і вучыцца выпраўляць памылку, прымаць перамогу і паразу.
Шахматы — гэта адзін з найменш затратных відаў спорту, бо патрэбны шахматная дошка, фігуры і ты сам. І, магчыма, на больш высокім узроўні — добры кампутар.Таму я веру, што шахматы адраджаюцца.
У Беларусі добрая шахматная гісторыя — Баляслаўскі, Верасаў, Купрэйчык, пазьней Барыс Гельфанд, Сьмірын. На жаль, у 1990-я, 2000-я людзям было не да шахматаў. Цяпер шахматная традыцыя адраджаецца, і мы выхаваем добрых шахматыстаў, каб у нас зьявіўся свой Магнус Карлсэн. Нарвэгія 20 гадоў таму наогул да шахматаў ня мела ніякага дачыненьня. А цяпер у іх там бум, кожнае дзіця гуляе ў шахматы. А Беларусь жа мае традыцыі.
«Школы шахматаў, дзяржаўныя і прыватныя»
— Чаму вы вырашылі пяць гадоў таму адкрыць прыватную школу шахматаў?
— Гэта была мая ідэя. Паводле праграмы ў дзяржаўныя школы бяруць дзетак з 6-7 гадоў. Але ў час IT-тэхналёгій дзеці ўжо ў 2-3 гады спраўляюцца зь любымі гаджэтамі лепш за дарослых. А ў той час для 3-гадовых дзяцей не было шахматаў. Мой сябар якраз хацеў аддаць сваё дзіця ў шахматную школу. І зьявілася ідэя адкрыць такую школу. Цяпер яна адзіная ў Беларусі, якая мае ліцэнзію FIDE. Дзеці прыходзяць да нас адзін-два разы на тыдзень. Заняткі па 50 хвілін, каля 60 рублёў каштуе месячны абанэмэнт. У нас займаецца 250–300 чалавек.
— Чым адрозьніваюцца прыватныя і дзяржаўныя шахматныя школы?
— Кожны працуе па сваёй сыстэме. У нас свая праграма і скіраванасьць не на выніковасьць, а на масавыя шахматы. Мы хочам, каб дзеці прыйшлі і палюбілі шахматы. Ёсьць старая шахматная школа з вопытнымі трэнэрамі, і яны вучаць дзяцей клясычным шахматам. Прыватныя накіраваны на тое, каб там былі і творчыя заняткі.
«Дэпутаты прыходзяць да нас гуляць у шахматы»
— Высокапастаўленых чыноўнікаў паказваюць на лыжах і каньках, але не за шахматнай дошкай. Гэта шкодзіць іміджу шахматаў?
— Што можа шкодзіць? Беларусь прымае спаборніцтвы самага высокага ўзроўню, мы выйгралі заяўку на алімпіяду. Гэта сьведчыць пра падтрымку на самым высокім узроўні.
— А была ідэя пасадзіць за шахматы чыноўнікаў?
— Чаму ж, у нас праходзілі дадатковыя заняткі, і нашы дэпутаты прыходзяць да нас гуляць у шахматы. У Беларусі шахматы любяць і гуляюць у іх.
«Я выступала за зборную Аўстраліі»
— І ўсё ж чаму вы, пляменьніца гросмайстра Віктара Купрэйчыка, пакінулі спорт, што вас не задавальняла?
— Мяне ўсё задавальняла, проста ў нейкі момант я зразумела, што не хачу быць 1125-й шахматысткай сьвету і што як трэнэр, як судзьдзя я магу рэалізавацца лепш. Я паспрабавала сябе на іншай ніве, і ў мяне гэта даволі добра атрымалася.
— Вы раней працавалі ў Аўстраліі?
— Аўстралія для мяне гэта вельмі добры жыцьцёвы досьвед. Туды я паехала працаваць у школу трэнэрам па шахматах. Мне было 23 гады, увесь сьвет ля тваіх ног, маса амбіцый. Дапамагло веданьне ангельскай мовы. Гэта быў добры, цікавы вопыт, які мы перанесьлі потым у нашу школу, калі распрацоўвалі праграму. Адзін раз я там нават выступала за зборную Аўстраліі, два разы — за зборную Беларусі. І нават білеты на алімпіяду кожны спартовец там аплочвае самастойна. Таму фінансавая і маральная падтрымка, якую мы маем у Беларусі, важная і дарагога каштуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прыме Сусьветную шахматную алімпіяду