Цырымонія ўручэньня прэміі Ежы Гедройця-2018 пачнецца а 19-й гадзіне 11 кастрычніка ў галерэі «Арт-Беларусь» у менскім Палацы мастацтваў (вуліца Казлова, 3). Уваход вольны.
На цырымоніі абяцаюць сьвяточны настрой ад музыкаў гурту Apple Tea.
Свабода будзе весьці жывую відэатрансьляцыю з цырымоніі.
За галоўную ўзнагароду — прэмію памерам 5 тысяч эўраў — пазмагаюцца шэсьць твораў, выбраных з доўгага сьпісу ў 32 кнігі. Гэта:
Уладзімер Арлоў. «Танцы над горадам»
Альгерд Бахарэвіч. «Сабакі Эўропы»
Адам Глобус. «Сям’я»
Вінцэсь Мудроў. «Забойца анёла»
Павал Севярынец. «Беларусалім»
Анка Ўпала. «На засьнежаны востраў»
У журы прэміі сёлета працуюць Валянцін Акудовіч, Ала Брадзіхіна, Ганна Бутырчык, Пятро Васючэнка, Сяргей Кавалёў, Марына Казлоўская, Ціхан Чарнякевіч.
Прэмія Гедройця — найбуйнейшая недзяржаўная літаратурная прэмія Беларусі. Дыплём і чэк уручаюцца, пачынаючы ад 2012 году, за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове. Заснавалі прэмію амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтар і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўплывае Прэмія Гедройця на ўспрыманьне беларускай літаратуры?
Папярэднія пераможцы
Летась пераможцам літаратурнага конкурсу стаў аўтар Свабоды Зьміцер Бартосік з кнігай «Быў у пана верабейка гаварушчы» (PDF). Бартосік, дарэчы, ужо выдаў і прэзэнтаваў новую кнігу: «Клініка кітайскага дантыста» (PDF).
Да яго перамагалі:
- Макс Шчур з кнігай «Завяршыць гештальт» (2016).
- Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015).
- Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014).
- Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013).
- Павал Касьцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012).