Такое рашэньне можа наблізіць Беларусь «да агульнаэўрапейскіх стандартаў», гаворыцца ў адозве прадстаўнікоў Рады Эўропы і Эўразьвязу.
З нагоды Эўрапейскага і Сусьветнага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца 10 кастрычніка, Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд і Вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні выступілі з сумеснай заявай. Асноўны пасыл яе быў скіраваны да ўладаў Беларусі, адзінай краіны Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
У заяве найперш адзначаецца, што ў гэты дзень Рада Эўропы і Эўразьвяз настойваюць на рашучым непрыняцьці найвышэйшай меры пакараньня пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках.
«Сьмяротнае пакараньне — гэта абраза чалавечай годнасьці. Яно зьяўляецца жорсткім, бесчалавечным і зьневажальным крокам, супярэчыць праву на жыцьцё. Сьмяротнае пакараньне ня мае даказанага прэвэнтыўнага эфэкту і робіць судовыя памылкі незваротнымі», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Усе дзяржавы Эўразьвязу адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня. Яго адмена на заканадаўчым узроўні ці на практыцы ёсьць адной з абавязковых умоваў сяброўства ў Радзе Эўропы. Абсалютная забарона на прымяненьне сьмяротнай кары пры любых абставінах замацавана ў пратаколе № 6 і № 13 да Эўрапейскай канвэнцыі па абароне правоў чалавека, а таксама ў Хартыі Эўрапейскага зьвязу аб асноўных правах.
«Мы заклікаем эўрапейскія дзяржавы, якія яшчэ не ратыфікавалі гэтыя дакумэнты, зрабіць гэта. Мы таксама паўтараем наш заклік да ўладаў Беларусі — адзінай краіны на эўрапейскім кантынэнце, якая ўсё яшчэ ўжывае сьмяротнае пакараньне, — увесьці мараторый у якасьці рашучага кроку, які набліжае краіну да агульнаэўрапейскіх стандартаў», — адзначаюць Турбʼёрн Ягланд і Фэдэрыка Магерыні.
На міжнародным узроўні Рада Эўропы і ЭЗ працягнуць дамагацца адмены сьмяротнага пакараньня. У прыватнасьці, будзе падтрымана будучая рэзалюцыя Генэральнай Асамблеі ААН аб мараторыі на ўжываньне сьмяротнага пакараньня, а ў лютым 2019 году ў Брусэлі пройдзе Сусьветны кангрэс супраць сьмяротнага пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў БеларусіТаксама Рада Эўропы і Эўразьвяз настойліва заклікаюць краіны, якія ўсё яшчэ прымяняюць сьмяротнае пакараньне, да замены сьмяротных прысудаў турэмным зьняволеньнем. У адпаведнасьці зь міжнародным правам, гэтыя краіны не павінны прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды ў дачыненьні непаўналетніх, цяжарных жанчын, а таксама асобаў, якія пакутуюць ад псыхічных захворваньняў.
Акрамя таго, неапраўданым зьяўляецца ўжываньне сьмяротнага пакараньня ў дачыненьні асобаў, абвінавачаных у эканамічных злачынствах; асобаў, якія самі зьяўляюцца ахвярамі такіх цяжкіх злачынстваў, як згвалтаваньне ў шлюбе і чые дзеяньні ў парадку самаабароны прывялі да выпадковай сьмерці другога чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наўрад ці хто дачакаецца памілаваньня». Праваабаронцы пачынаюць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня»Як паведамляла Свабода, беларускія праваабаронцы ладзяць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня», які сёлета прысьвечаны ўмовам утрыманьня вязьняў, асуджаных на сьмерць.
Ад сярэдзіны 1990-х гадоў у Беларусі вынесена больш як 300 сьмяротных прысудаў. Летась расстралялі дваіх асуджаных. Цяпер у турме знаходзяцца 4 чалавекі зь сьмяротным выракам: Сямён Беражны, Ігар Гершанкоў, Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.