9 кастрычніка ў Жэнэве на сэсіі Камітэту правоў чалавека ААН завяршылася абмеркаваньне дакладу беларускага ўраду пра сытуацыю ў краіне ў галіне правоў чалавека.
Беларусь упершыню за 20 гадоў прадставіла ў КПЧ ААН справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека. Паралельна 12 праваабарончых арганізацый Беларусі прадставілі ў КПЧ свой, альтэрнатыўны даклад, які шмат у чым супярэчыць афіцыйнаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У камітэце ААН абмяркуюць правы чалавека ў Беларусі. Параўноўваем даклады ўладаў і праваабаронцаў8 і 9 кастрычніка абодва даклады абмяркоўваліся на сэсіі КПЧ ААН у Жэнэве. Праваабаронцы адстойвалі свой погляд на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі 8 кастрычніка, а наступнага дня чарга дайшла да чальцоў урадавай дэлегацыі. Свабода адсачыла, як яны адказвалі на пытаньні сябраў КПЧ ААН, на якія пытаньні адказалі, а якія праігнаравалі.
30 пытаньняў да беларускіх чыноўнікаў
Дыскусія цягнулася амаль тры гадзіны. 7 сябраў КПЧ ААН задалі беларускай дэлегацыі больш за 30 пытаньняў, на якія адказвалі амбасадар Беларусі ў Жэнэве Юры Амбразевіч і прадстаўнікі 8 ведамстваў — міністэрстваў юстыцыі, аховы здароўя, унутраных спраў, інфармацыі, замежных спраў, Генпракуратуры, Вярхоўнага суду і Сьледчага камітэту. Пасьля іхніх адказаў сябры КПЧ ААН скарысталіся правам на рэплікі і назвалі пытаньні, на якія так і не атрымалі адказаў.
Пытаньні без адказу
— Чаму ўсё ж так і не змаглі атрымаць дзяржаўнай рэгістрацыі шэраг праваабарончых грамадзкіх арганізацый, сярод іх праваабарончы цэнтар «Вясна» і арганізацыя абароны правоў ЛГБТ-супольнасьці «Лямбда»?
(Раней падчас дыскусіі прадстаўніца Міністэрства юстыцыі запэўнівала ўдзельнікаў сэсіі КПЧ, што ў Беларусі няма перашкод у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, а ёсьць патрабаваньні, якім трэба адпавядаць, і пералічаныя дакумэнты, якія трэба прадставіць. Гэты пералік у 2019 годзе будзе скарочаны да мінімуму, запэўніла чыноўніца.)
— Чаму ў 2017 годзе падчас разгону Дня Волі масава затрымлівалі журналістаў і праваабаронцаў?
(Раней прадстаўніца Сьледчага камітэту заявіла сябрам КПЧ ААН, што ў Беларусі крымінальнае заканадаўства і Адміністрацыйны кодэкс скіраваныя не на асобаў з пэўнымі палітычнымі поглядамі, а на злачынцаў і парушальнікаў грамадзкага парадку.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень няВолі ў Менску: АМАП са зброяй і вадамётамі, сотні затрыманых— Як была выкананая сьмяротная кара адносна асуджанага на сьмерць Аляксея Міхалені, ці не была яна выканана тайна, бо афіцыйна пра яе не інфармавалі?
(Тэму сьмяротнага пакараньня ў Беларусі закранаў у сваім выступе амбасадар Юры Амбразевіч. Ён спаслаўся на вынікі рэфэрэндуму 1996 году, які ўхваліў такую меру пакараньня. Ад абмеркаваньня індывідуальных спраў і скаргаў беларусаў у КПЧ ААН спадар Амбразевіч устрымаўся.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз: сьмяротнае пакараньне супярэчыць гатоўнасьці Беларусі да супрацы— Чаму адбываліся масавыя прэвэнтыўныя затрыманьні падчас хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску ў 2014 годзе?
(Прадстаўніца Сьледчага камітэту абмежавалася заявай, што ў беларускім законе няма «прэвэнтыўных затрыманьняў», а ёсьць толькі прэвэнтыўныя гутаркі і папярэджаньні).
— Чаму быў асуджаны на зьняволеньне грамадзкі актывіст Дзьмітры Паліенка, які браў удзел у акцыі за правы раварыстаў?
(Амбасадар Юры Амбразевіч заявіў на сэсіі, што ў Беларусі няма палітычных вязьняў.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International заклікала да глябальнай акцыі салідарнасьці з палітвязьнем Паліенкам— Чаму ў 2016 годзе была пазбаўленая віду на жыхарства ў Беларусі праваабаронца Алена Танкачова, якая ўсяго толькі кіравала аўтамабілем і перавысіла хуткасьць?
— Чаму ў Беларусі сьвятарам-замежнікам забаронена без асобнага дазволу весьці рэлігійнае служэньне?
— Калі будзе распрацаваны і прыняты закон аб забароне катаваньняў?
— Чаму з 2000 году ў Беларусі не зарэгістравалі ніводнай палітычнай партыі?
— Чаму перасьледуюцца незалежныя прафсаюзы, у прыватнасьці РЭП?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі»Пасьля завяршэньня дыскусіі сьпікер сэсіі зьвярнуўся да беларускай дэлегацыі з просьбай даць пісьмовыя адказы на пытаньні, на якія тая не адказала вусна.
Выступаючы на сэсіі КПЧ ААН, амбасадар Беларусі Юры Амбразевіч зьняпраўдзіў меркаваньне, што Беларусь не супрацоўнічае з Камітэтам правоў чалавека. Пры гэтым амбасадар заявіў, што Беларусь па-ранейшаму не прызнае паўнамоцтваў адмысловага дакладчыка па Беларусі і не зьбіраецца зь ім супрацоўнічаць.