Баўгарская паліцыя затрымала на 24 гадзіны грамадзяніна Румыніі па справе аб забойстве журналісткі Вікторыі Марынавай, паведаміў агенцтву Reuters крыніца ва ўрадзе краіны.
Паліцыянты паведамілі, што затрыманы не знаходзіцца ў статусе падазраванага: яго алібі правяраецца.
У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў адмовіліся пацьвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю, патлумачыўшы, што прадстаўнікі ведамства сёньня выступяць з заявай па гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заклікаў Баўгарыю як мага хутчэй знайсьці забойцаў журналісткіПра забойства дырэктаркі і вядучай каналу «ТВН» 30-гадовай Вікторыі Марынавай стала вядома 7 кастрычніка. Яе цела разам з рэчамі і аўтамабілем было выяўленае на поўначы Баўгарыі ў яе родным горадзе Русе. Апошняй тэмай, над якой яна працавала, быў скандал вакол крадзяжу сродкаў фондаў Эўразьвязу. Рэгіянальны канал «ТВН», дзе працавала памерлая, быў адзіным з баўгарскіх тэлеканалаў, які асьвятляў гэтае меркаванае злачынства.
Гэта ўжо трэцяе за год забойства журналіста-дасьледчыка ў ЭЗ. У кастрычніку летась на Мальце была забітая журналістка Дафнэ Каруана Галісія. У лютым сёлета ў Славаччыне забілі журналіста Яна Куцьяка з партнэркай.