Прычына перапынку — праверка заяў абвінавачаных наконт ціску з боку КДБ. Разгляд адновіцца 17 кастрычніка.
18 верасьня дзяржаўны абвінаваўца пракурор Шарсьнёў падаў хадайніцтва аб неабходнасьць правядзеньня праверкі заяў абвінавачаных сяржантаў аб ціску з боку КДБ падчас папярэдняга сьледзтва. Аб фізычным і маральным ціску падчас допытаў у залі суда заявілі ўсе трое абвінавачаных — сяржанты Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч.
Першапачаткова перапынак у судзе быў прызначаны да 8 кастрычніка, аднак ужо 9-га пракурор паведаміў, што праверка заяў абвінавачаных, якой займаецца Сьледчы камітэт, скончыцца не раней за 17 кастрычніка. Дзяржаўны абвінаваўца падаў хадайніцтва аб чарговым прыпыненьні разгляду справы. Судзьдзя хадайніцтва задаволіў.
Справу аб сьмерці Аляксандра Коржыча пачалі разглядаць у Менскім абласным судзе 8 жніўня. На працэсе было апытана каля ста чалавек — пацярпелых і сьведкаў, а таксама агучана больш за 30 тамоў матэрыялаў справы. Чакаецца, што разам з вынікамі праверкі дзеяньняў супрацоўнікаў КДБ на працэсе выступяць дадатковыя сьведкі з боку пацярпелай Сьвятланы Коржыч.
Суд па справе Коржыча. Коратка
Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.
Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.
Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.