Эўракамісія ў панядзелак заклікала Баўгарыю як мага хутчэй правесьці дбайнае расьсьледаваньне забойства журналісткі Вікторыі Марынавай і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
Пра гэта выканаўчы орган Эўразьвязу заявіў у сваім твітэры, дадаўшы, што «ня можа быць дэмакратыі без свабоднай прэсы».
Баўгарыя займае 111-е месца ў сусьветным рэйтынгу свабоды прэсы, складзеным арганізацыяй «Рэпарцёры бязь межаў». Гэта самая нізкая пазыцыя сярод усіх краін-удзельніц ЭЗ, паведамляе Reuters. У сьпіс уваходзяць 180 краін.
Пра забойства на поўначы Баўгарыі дырэктара і вядучай канала TVN 30-гадовай Вікторыі Марынавай стала вядома напярэдадні. Апошняя тэма, над якой яна працавала, быў скандал вакол крадзяжу сродкаў фондаў Эўрапейскага Зьвязу. Рэгіянальны канал TVN, дзе працавала забітая, быў адзіным з баўгарскіх тэлеканалаў, які асьвятляў гэтае меркаванае злачынства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо другі славацкі міністар сышоў у адстаўку пасьля забойства журналістаГэта ўжо трэцяе за год забойства журналіста-дасьледчыка ў ЭЗ. У кастрычніку летась на Мальце была забітая журналістка Дафнэ Каруана Галісія. У лютым сёлета ў Славаччыне быў забіты журналіст Ян Куцьяк зь нявестай.