Лоеўскі райвыканкам пракамэнтаваў Свабодзе «нядзельны суботнік» на фэрмах раёну, у якім удзельнічалі настаўнікі. У прафэсійнае сьвята на загад раённага кіраўніцтва настаўнікі рабілі парадак на фэрмах. Раённы ідэоляг кажа, што настаўнікі не былі супраць.
У нядзелю 7 кастрычніка на фэрмах Лоеўскага раёну настаўнікі мясцовых школ прыбіралі сьмецьце і ўцяплялі вокны.
«Поўная зьнявага і прыніжэньне! Так у нас ставяцца да настаўнікаў. У прафэсійнае сьвята — прымусіць працаваць на фэрмах! Падымаем з кален сельскую гаспадарку», — абураліся настаўнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўнікі Лоеўскага раёну сустрэлі прафэсійнае сьвята ўдарнай працай на фэрмахЯк выявілася, «нядзельны суботнік» адбыўся на загад райвыканкаму. Працавалі на фэрмах настаўнікі школ у вёсках Каўпень, Крупейкі, Уборак і Малінаўка.
«Гэта праўда, працавалі. Умовы надвор’я былі спрыяльныя, і мы рыхтаваліся да сьвята — 75-й гадавіны вызваленьня Лоеўшчыны. Нічога такога тут няма, проста ёсьць у нас адзін, які... палічыў патрэбным... незадаволены», — сказала начальнік аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і моладзі Ларыса Федарыва.
Яна адзначыла, што Дзень настаўніка ўрачыста адзначылі ў пятніцу ў гарадзкім цэнтры культуры.
«Настаўнікі засталіся вельмі задаволеныя. Была цырымонія ўзнагароджаньня. А ў нядзелю людзі выйшлі, была пастаўлена задача прыбраць тэрыторыі, прыбралі. Наўпрост ніхто ня скардзіўся. Гэта ня тое, каб з самага ранку іх зацуглялі і яны працавалі да самай ночы», — сказала Ларыса Федарыва.
«Настаўнікі вучаць добраму, сьветламу, як трэба ставіцца да сваёй малой радзімы. Таму, я думаю, як прыклад для школьнікаў тут нічога такога няма», — падсумалава начальніца раённай ідэалёгіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэйтынгу рабства Беларусь паставілі на 1 месца ў Эўропе