Як народ безь дзяржавы дбае пра сваю мову. Каталянская навука для беларусаў

Леташняя спроба каталёнцаў праз рэфэрэндум абвясьціць незалежнасьць ад Гішпаніі скончылася арыштамі мясцовых палітыкаў, скасаваньнем на некалькі месяцаў рэгіянальнай аўтаноміі і наўпроставым кіраваньнем з Мадрыду. Але каталянская мова мае тут статус і падтрымку, якім могуць пазайздросьціць носьбіты беларускай.

Усе прадметы ў грамадзкіх школах выкладаюць толькі па-каталянску. Выключэньне — 2 ці 3 гадзіны на тыдзень гішпанскай мовы, а таксама 3 ці 4 гадзіны замежнай мовы. Звычайна гэта ангельская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы, каталёнцы, мірныя людзі. Тры дні ў Барсэлёне

Карэспандэнт Радыё Свабода наведаў школу каля Барсэлёны, каб пабачыць, як працуе «акунаньне ў мову», а таксама пагутарыў зь беларускімі дзецьмі, якія жывуць у Каталёніі.

Каля школьнай брамы

Школа La Carpa месьціцца ў муніцыпалітэце Асьпіталет, прадмесьці Барсэлёны. Каля школьнай брамы натоўп бацькоў і дзяцей. Непадалёк на ходніку дзеляць гамбургер зялёныя папугаі, якіх тут мноства.

У гэтай школе вучацца дзеці ад 3 да 12 гадоў. Раён амаль цалкам гішпанамоўны, шмат выхадцаў з Лацінскай Амэрыкі, кажа завуч Ігнасі Кандэля. Ён паказвае аркуш паперы, дзе пазначана, зь якіх рэгіёнаў паходзяць дзеці імігрантаў.

Завуч Ігнасі Кандэля стоячы назірае за заняткам

Лічбы па школьніках, якія паходзяць з розных рэгіёнаў сьвету

Ад першага ж занятку настаўніца размаўляе зь дзецьмі толькі па-каталянску. Малыя дзеці займаюцца ўсе разам. Калі прыходзіць у школу нехта старэйшы, ня ведаючы каталянскай, дык некалькі гадзін на тыдзень ходзіць на дадатковыя моўныя заняткі. Але ўсе прадметы — толькі па-каталянску.

Наталія выкладае на дадатковых моўных занятках

«У нас у школе прыблізна 40 працэнтаў дзяцей імігрантаў, — кажа настаўніца Наталія. — Залежна ад таго, якой мовай яны размаўляюць у сям’і, мы іх дзелім на дзьве групы для дадатковых заняткаў. У "раманскай" групе дзеці з гішпанамоўных сем’яў і, да прыкладу, з Румыніі. І група ўсіх астатніх, чые бацькі прыехалі, напрыклад, з Кітаю ці Расеі. Першым трэба прыблізна два гады, каб авалодаць каталянскай. Другой групе на гэта даецца тры гады».

Зьлева направа: Азэдзін, Самуэль, Ной, Артур

Бацькі 11-гадовага Азэдзіна размаўляюць дома па-арабску, ягонага аднагодка Ноя — па-гішпанску, 9-гадовага Артура — па-расейску, а 11-гадовы Самуэль размаўляе з маці па-гішпанску, а з бацькам па-ангельску. Усё яны кажуць, што для іх не было праблемай вывучыць каталянскую і вучыцца на ёй.

Пры гэтым яны таксама тлумачаць, што зь сябрамі ў школе і па-за школай гавораць пераважна на гішпанскай. Мы размаўляем у школьным калідоры, і я чую, што яны задаюць пытаньні дырэктарцы Эве Вальс па-гішпанску, а тая адказвае ім па-каталянску.

Дырэктарка Эва Вальс у школьнай бібліятэцы

«Настаўнікі тут нікога не прымушаюць па-за заняткамі размаўляць па-каталянску і не крытыкуюць за іншыя мовы, — тлумачыць дырэктарка. — Але самі мы размаўляем толькі на каталянскай».

Надпіс на сьценах школы «Нас вучаць быць свабоднымі»

13-гадовы беларус Даніла жыве ў іншым прадмесьці Барсэлёны, Марэзмэ. З бацькамі размаўляе па-беларуску і па-расейску. Ён кажа, што ў абедзьвюх ягоных школах — пачатковай, куды ён хадзіў ад 6 да 12 гадоў, і цяперашняй — большасьць ягоных сяброў заўсёды каталянамоўныя. Сябры не са школы ў асноўным таксама, але ёсьць і тыя, каму зручней па-гішпанску.

«У мяне ад пачатку не было ніякіх дадатковых клясаў. Толькі паказвалі пераклад словаў, якія мы вывучалі. Цяпер я размаўляю і на каталянскай, і на гішпанскай зусім без акцэнту».

Пытаюся, ці адчувае Даніла, што мог бы без праблем у будучыні паступіць ва ўнівэрсытэт, напрыклад, у Мадрыдзе і вучыцца па-гішпанску?

«Так, бо тыя ж тэхнічныя словы вельмі падобныя ў дзьвюх мовах. Але для мяне найлепшы варыянт — вучыцца ва ўнівэрсытэце ў Каталёніі».

Даніла ў каталёнскім горадзе Жырона

13-гадовая Ірына жыве ў горадзе Матаро, цэнтры муніцыпалітэту Марэзмэ. Яе маці беларуска, а бацька каталёнец. Для яе каталянская ад пачатку зрабілася галоўнай мовай, хоць з маці яна размаўляе па-беларуску.

«Зь сяброўкамі мы амаль заўсёды размаўляем па-каталянску. Але калі нейкая сяброўка размаўляе па-гішпанску, я таксама магу».

Ірына кажа, што мова ніколі не была праблемай для яе ці для іншых школьнікаў.

Ірына

Маці Ірыны, Натальля Жукоўская, расказвае, што ў 2015 годзе сям‘я аднаго хлопчыка ў клясе дачкі дабілася праз суд, каб 25 адсоткаў прадметаў выкладаліся па-гішпанску.

«У іх тады было некалькі гадзінаў матэматыкі на гішпанскай мове. Казалі, што гэта вельмі сур‘ёзна, бо калі б гэта не выконвалася, дык адказнасьць была б на дырэктару. Справа магла б і да турмы дайсьці. Ірынка тады сказала, што гэта несправядліва.

Справа магла б і да турмы дайсьці.

Але гэта былі апошнія тыдні навучальнага году, а на наступны гэтая сям’я проста перайшла ў іншую школу. І настаўнікі ў школе, і мы дома казалі дзецям, каб сытуацыя ні ў якім разе не адбілася на стаўленьні да гэтага хлопчыка. Я папрасіла Ірынку, каб яны паводзіліся так, як усё роўна нічога не адбылося. Гэта справа дарослых, і мы, дарослыя, яе вырашым. Яна адказала, што ў іх з гэтым хлопчыкам добрыя адносіны, яны сябруюць

Дарэчы, самі дзеці з той сям’і ня ведалі, што іхныя бацькі пачалі ўсю тую справу. Даведаліся толькі тады, калі суд прызначыў гэтыя 25 адсоткаў навучаньня па-гішпанску».

Натальля Жукоўская з маленькай Ірынкай

«Побач з намі магутныя мовы — гішпанская і француская. За абедзьвюма стаіць вялікая эканамічная моц, — кажа Моніка Пэрэньня, якая ў Дэпартамэнце адукацыі Каталёніі адказвае за моўныя пытаньні. — Яны маюць велізарныя рэсурсы, у тым ліку на выраб лічбавай прадукцыі: кампутарных гульняў, фільмаў. Плюс шмат у якіх сфэрах дамінуе ангельская мова. Гэта пагроза ня толькі для нашай мовы, за якою не стаіць дзяржава, але і для іншых моваў з адносна невялікай колькасьцю носьбітаў — данскай, швэдзкай ці чэскай».

Моніка Пэрэньня

Падчас дыктатуры Франсыска Франка з 1939 па 1975 год каталянская мова была фактычна забароненай і цалкам адсутнічала ў адукацыйнай сыстэме. Сытуацыя стала мяняцца з канца 1970-х.

Цяперашні рэгіянальны закон аб адукацыі вызначае каталянскую як llengua vehicular — мову міжнацыянальнай камунікацыі і выкладаньня ў школах. Ва ўнівэрсытэтах Каталёніі мову выбіраюць самі выкладчыкі, і там цяпер суадносіны паміж каталянскай і гішпанскай прыблізна 50 на 50, кажа Пэрэньня.

Паводле яе, сапраўды дзьвюхмоўнымі жыхары Каталёніі могуць быць, толькі калі грамадзтва будзе моцна падтрымліваць каталянскую:

«Нашыя вучні маюць ня горшы ўзровень валоданьня гішпанскай, чым іншыя рэгіёны Гішпаніі. Гэта прызнае і гішпанскае Міністэрства адукацыі».

На просьбу аб інтэрвію я атрымаў ад кіраўніцы прэсавай службы Міністэрства адукацыі Гішпаніі Ляўры Чапара такі адказ: «У Гішпаніі адукацыя перададзеная ў кампэтэнцыю аўтаномных супольнасьцяў. Вам трэба гутарыць з урадам Каталёніі наконт вашага запыту». На дадатковую просьбу з тлумачэньнем, што нас цікавіць менавіта погляд з Мадрыду на валоданьне гішпанскай мовай у Каталёніі і на тамтэйшую моўную палітыку, адказу пакуль няма, хоць прайшло амаль два тыдні.

Супрацьстаяньне каля выбарчага ўчастку ў Барсэлёне 1 кастрычніка 2017 году

Падчас рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі 1 кастрычніка 2017 году ў Дэпартамэнце адукацыі ў Барсэлёне месьціўся выбарчы ўчастак. Гішпанскія ўлады адразу назвалі рэфэрэндум незаконным, і ў дзень галасаваньня нацыянальная паліцыя канфіскоўвала бюлетэні на многіх участках. Тагачасную каталёнскую міністарку адукацыі Клару Пунсаці паліцыянты гвалтам вывелі з участку і ўдарылі, расказвае Пэрэньня.

Былая каталёнская міністарка адукацыі Клара Пунсаці пасьля судовага паседжаньня ў Эдынбургу 23 ліпеня 2018. Гішпансікі ўрад патрабуе яе экстрадыцыі

Цяпер Пунсаці жыве ў Шатляндыі — у выгнаньні, як і шэраг іншых былых міністраў. Урад Гішпаніі патрабуе яе экстрадыцыі. Сямёра тагачасных каталёнскіх урадоўцаў у зьняволеньні чакаюць суду паводле абвінавачаньняў у мяцяжы. Пасьля таго, як парлямэнт Каталёніі 27 кастрычніка 2017 году абвясьціў незалежнасьць, гішпанскія ўлады ўвялі ў рэгіёне наўпроставае кіраваньне, у тым ліку і ў адукацыі.

У будынку Дэпартамэнту адукацыі Каталёніі. Надпіс на налепцы «Свабоду палітычным вязьням». Жоўтая стужка стала сымбалем зьняволеных за рэфэрэндум аб незалежнасьці

Шэраг гішпанскіх палітычных партыяў і арганізацыяў крытыкуюць моўную палітыку Каталёніі, а міністар адукацыі папярэдняга ўраду Гішпаніі Іньніга Мэндэс дэ Віга заявіў сёлета ў лютым, што разглядаецца магчымасьць, каб жыхары Каталёніі абіралі гішпанскую галоўнай мовай навучаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы і фарба. Як паліцыя ахоўвала паліцыю ў Барсэлёне. ФОТА

Але ў той жа час рэспэктабэльнае гішпанскае выданьне El Pais, якое крытычна ставіцца да руху за незалежнасьць Каталёніі, апублікавала артыкул, дзе патлумачыла ў першым жа сказе: «Акадэмічныя тэсты паказваюць, што каталёнскія вучні маюць такія самыя ці лепшыя моўныя навыкі, чым вучні па ўсёй Гішпаніі».

Дэманстранты трымаюць плякат з надпісам «па-каталянску» падчас пратэсту ў 2012 годзе супраць плянаў тагачаснага ўраду Гішпаніі правесьці моўную рэформу ў рэгіёне

Сёлета ў траўні парлямэнт Каталёніі сфармаваў новы ўрад, які падтрымлівае далейшы рух да незалежнасьці. У рэгіёне аднавілася самакіраваньне, а ў Мадрыдзе прыйшоў да ўлады ўрад сацыялістаў, якому для зацьвярджэньня спатрэбіліся галасы каталёнскіх незалежнікаў. Моніка Пэрэньня кажа пра час наўпроставага кіраваньня з Мадрыду:

«Тады ўсё было пад пагрозай, ня толькі наш моўны закон. Але яны не рызыкнулі ўмяшацца, бо гэты закон у парлямэнце Каталёніі прынялі велізарнай большасьцю. Людзі падтрымліваюць цяперашнюю моўную палітыку, бо яны бачаць, што дзеці паказваюць сапраўды добрыя вынікі».

20 фактаў пра каталянскую мову

  • Краіна Catalunya — Каталёнія, палітыка — каталёнская. А мова català — каталянская.
  • Па-каталянску гавораць 9 мільёнаў чалавек і яшчэ 2 мільёны яе разумеюць. Гэта дзявятая мова паводле колькасьці носьбітаў у Эўрапейскім Зьвязе.
  • Яны жывуць у гішпанскіх рэгіёнах Каталёнія, Валенсія, Балеарскія выспы (Маёрка і Мэнорка), у частцы Арагону; у францускім дэпартамэнце Ўсходнія Пірэнэі; а нават на Сардыніі. У незалежнай дзяржаве Андоры каталянская — адзіная дзяржаўная мова.
  • Каталянскай мовай валодаў беларускі кароль Андоры Барыс І (Скосыраў, родам зь Вільні). Караляваў з 7 па 20 ліпеня 1934 году.
  • Вы думалі, што каталянская — дыялект гішпанскай? Памыляліся. Людзі, якія гавораць на гішпанскай мове, не заўсёды разумеюць каталянскую мову.
  • Залаты век каталянскай мовы быў у XIII–XV ст. Яна стала мовай усяго Міжземнамор’я, адной зь «вялікіх моваў Эўропы». Якуб І Заваёўнік (1208–1276), манарх міжземнаморскага Арагонскага каралеўства, фінансаваў перапісваньне кніг і сам дыктаваў свае хронікі па-каталянску. «Тырант Белы» Ж. Мартурэля (1490) — першы сучасны раман у эўрапейскай літаратуры.
  • Па-каталянску аформлены знакаміты Атляс сьвету 1375 году, твор картаграфіі і мастацтва, дзе ёсьць «паганская Літва», а цяперашняя Беларусь пазначаная словам EUROPA.
  • Архітэктар-мадэрніст Антоні Гаўдзі (аўтар праекту царквы Саграда Фамілія) прынцыпова гаварыў па-каталянску нават з каралём Гішпаніі; у 1924 годзе яго зьбіла і арыштавала гішпанская паліцыя за ўдзел у дэманстрацыі супраць забароны каталянскай мовы. А сюррэаліст Салвадор Далі па-каталянску пісаў на сваіх карцінах.
  • Арыгінал гімну польскай «Салідарнасьці», песьні «Муры рухнуць» у выкананьні Яцэка Качмарскага, напісаны па-каталянску: песьня L’Estaca (‘Слуп’) — пра Сызыфа, які ўпарта дамагаецца свабоды.
  • Каталянская мова перажыла некалькі забаронаў. У Паўночнай Каталёніі французы ў 1659 годзе абмежавалі яе ўжываньне, а пасьля рэвалюцыі ў 1789 годзе забаранілі. Толькі ў 2007 годзе каталянская прызнаная як адна з афіцыйных моваў дэпартамэнту Ўсходнія Пірэнэі.
  • Пасьля захопу Каталёніі гішпанскімі войскамі ў 1714 годзе афіцыйна ўжываць дазвалялася толькі гішпанскую. Каталянскую забараняў у справаводзтве і царкве дыктатар Прыма дэ Рывэра (1924–1931).
  • У часе дыктатуры Франсыска Франка (1939–1975) дзейнічала найбольш жорсткая забарона на каталянскую мову ў школе, адміністрацыі, кіно і тэатры, радыё і тэлебачаньні, а нават у тэлефонных размовах — ва ўсёй публічнай і часткова ў прыватнай прасторы. Нельга было называць дзяцей па-каталянску.
  • Пасьля эпохі франкізму было адноўлена права каталёнцаў на родную мову. З 1980-х гадоў у адукацыі дзейнічае мадэль «акунаньня ў мову»: асноўная мова выкладаньня ўва ўсіх школах — каталянская.
  • Футбольны клюб «Barcelona» мае свой гімн El Cant del Barça на каталянскай мове. У 2012 годзе «Барса» выпусьціла афіцыйную заяву: клюб падтрымлівае каталянскую мову і каталянскую школу зь яе мадэльлю «акунаньня» вучняў у мову. «Наша мова, як і наш Клюб, — гэта зьява, які спрыяе інтэграцыі і дае людзям магчымасьць ідэнтыфікавацца з нашай краінай, незалежна ад іхнага ранейшага грамадзянства ці перакананьняў».
  • Легендарны футбаліст Ёган Кройф, галяндзец, прыехаў гуляць за ФК «Barcelona» яшчэ ў часы дыктатуры Франка. Ён катэгарычна не прымаў моўных забаронаў і прынцыпова запісаў свайго сына па-каталянску: Жордзі.
  • Штогод Жэнэралітат (урад) аўтаномнай супольнасьці Каталёніі мэтава вылучае каля 95 млн эўраў на падтрымку і папулярызацыю каталянскай мовы (гэта без уліку абавязковай адукацыі): вывучэньне мовы і моўнай сытуацыі, спрыяньне грамадзкім ініцыятывам, дубляж фільмаў, фэстывалі і г. д.
  • Кнігі па-каталянску выходзяць у сярэднім па 8 тыс. супольным накладам 20 млн у год
  • Каталёнцы выкарыстоўваюць усе інавацыі для ўмацаваньня сваёй мовы. Каталянская вэрсія Вікіпэдыі была 3-й па часе ўзьнікненьня, а займае 20-е месца па колькасьці артыкулаў.
  • Абаронцы каталянскай мовы ў 1996 годзе ініцыявалі міжнародны рух за ўхваленьне Ўсеагульнай дэклярацыі моўных правоў як дакумэнту ААН.
  • Важныя каталянскія выразы і словы:

Bon dia! = даслоўна «Добры дзень», але так вітаюцца зранку

Benvingut! = Сардэчна запрашаем!

Si us plau! = Калі ласка!

Gràcies! = Дзякуй!

Adéu! = Бывай! (даслоўна «З богам!»)

Llibertat = Cвабода