Сьвятлана Алексіевіч атрымала прэмію імя Анны Паліткоўскай

Сьвятлана Алексіевіч

Міжнародная арганізацыя RAW in WAR уганаравала пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч прэміяй імя Анны Паліткоўскай.

Алексіевіч узнагародзілі за «сьмелыя выступленьні аб несправядлівасьці на постсавецкай прасторы і прадстаўленьне голасу тым, хто патрапіў у пастку канфлікту ў мінулым ці сучаснасьці».

Алексіевіч стала першай беларускай ляўрэаткай узнагароды.

Сьвятлана Алексіевіч — беларуская пісьменьніца, журналістка, першая ў гісторыі Беларусі ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (2015 год).

Аўтарка кніг «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Яе кнігі выдаваліся ў 19 краінах сьвету.

Прэмію імя Анны Паліткоўскай зацьвердзіла няўрадавая арганізацыя RAW in WAR (Reach All Women in War — Дапамагчы ўсім жанчынам у вайне), зарэгістраваная ў Вялікабрытаніі. Узнагародай адзначаюць жанчынаў, якія займаюцца журналістыкай, палітыкай ці праваабарончай дзейнасьцю, працуюць ва ўмовах вайны ці асьвятляюць вайсковыя канфлікты.

Першую прэмію ў 2007 годзе атрымала расейская журналістка Натальля Эстэмірава.

Журналістку расейскай «Новой газеты» Анну Паліткоўскую забілі ў ліфце свайго дому ў 2006 годзе. Апошнія гады журналістка асьвятляла вайсковы канфлікт у Чачні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палова беларусаў не чытае кніг. Хто вінаваты, што рабіць і як справы ў нашых суседзяў?