Вялікая Брытанія абвінаваціла расейскае ГРУ ў маштабных кібэратаках на заходнія інстытуцыі

Ілюстрацыйнае фота. Падчас мінулагодняй атакі BadRabbit, накіраванай супраць міжнароднага аэрапорта ва Ўкраіне

Вялікая Брытанія абвінавачвае расейскую вайсковую выведку, вядомую на Захадзе як ГРУ, у тым, што яна стаіць за многімі нядаўнімі кібэратакамі на крытычныя заходнія інстытуцыі — ад спорту і транспартных камунікацый да выбарчых працэсаў. Пра гэта гаворыцца ў брытанскай справаздачы аб нацыянальнай бясьпецы, апублікаванай увечары 3 кастрычніка.

Брытанскія абаронныя аналітыкі называюць Галоўнае ўпраўленьне Генштабу Ўзброеных сіл Расеі «разбуральным кібэрагрэсарам», які выкарыстоўвае сетку хакераў для распаўсюджваньня разладу і нязгоды ва ўсім сьвеце.

Паводле дадзеных дакладу, ГРУ амаль напэўна стаіць за:

  • пагрозай леташняй атакі BadRabbit, накіраванай супраць міжнароднага аэрапорта ва Ўкраіне;
  • нападам на Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва ў Швайцарыі;
  • мае дачыненьне да ўзлому электроннай пошты Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША (што пашкодзіла апанэнтцы прэзыдэнта Дональда Трампа Гілары Клінтан за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году).
  • «амаль напэўна» датычнае да дзейнасьці хакерскіх груповак APT 28, Fancy Bear, Sofacy, Pawnstorm, Sednit, Voodoo Bear, Sandworm, «Кібэрхаліфат», «Кібэрбэркут» і інш.
    ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швайцарыя патрабуе ад Расеі «спыніць шпіёнскую дзейнасьць» на сваёй тэрыторыі

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэрэмі Хант заявіў, што ГРУ «спрабуе падрываць і ўмешвацца ў выбары» ў заходніх дэмакратыях. У той жа час некаторыя з кібэратак ГРУ «ня служаць адным законным інтарэсам нацыянальнай бясьпекі, а ўплываюць на здольнасьць людзей ва ўсім сьвеце весьці штодзённае жыцьцё, свабоднае ад ўмяшаньня», адзначыў міністар.

«Наш мэсыдж выразны: разам з нашымі саюзьнікамі мы будзем выкрываць і рэагаваць на спробы ГРУ падарваць міжнародную стабільнасьць», — дадаў Джэрэмі Хант.

У канцы верасьня ў Вялікай Брытаніі паведамілі, што сьледчыя па справе атручваньня былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў горадзе Солсбэры высьветлілі асобу трэцяга падазраванага ў дадатак да ўжо вядомых сьледзтву «Пятрова» і «Башырава», апошні зь якіх аказаўся палкоўнікам ГРУ і героем Расеі Анатолем Чапігам. Сайт журналісцкіх расьсьледаваньняў Bellingcat паабяцаў апублікаваць рэальнае прозьвішча «Пятрова» неўзабаве. Зрэшты імя і прозьвішча трэцяга падазраванага і надалей захоўваюцца ў тайне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чапіга-«Башыраў» стаў «Героем Расеі» за эвакуацыю Януковіча, — расьсьледаваньне