Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах Алесь Чахольскі прапанаваў кампрамісны варыянт разьмяшчэньня мэмарыяльнага знаку «памяці і прымірэньня», які ўлады зьбіраюцца паставіць на пагорку ў цэнтры Курапатаў.
«Каб не было новых канфліктаў і боек, каб годна захаваць памяць аб ахвярах рэпрэсіяў».
Раней актывісты КХП БНФ ды іншых грамадзкіх арганізацыяў, якія ужо шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, выказваліся супраць усталяваньня афіцыйнага мэмарыяльнага знаку.
«Наконт умяшаньня дзяржавы ў Курапаты наша пазыцыя не зьямнілася — няма чаго туды лезьці, там ужо стаіць мэмарыял, створаны народам, — патлумачыў Алесь Чахольскі. — Але што да ўсталяваньня памятнага знаку мы гатовыя на кампраміс і згодныя, каб ён быў пастаўлены на падножжы гары. Паўтаруся: не на ўзвышшы, празваным „Галгофай“, а на падножжы, на ўваходзе ў мэмарыял з боку Менску. На наш погляд, ён там будзе дарэчы і не парушыць ансамбль мэмарыялу, які ўжо склаўся».
Паводле Чахольскага, ідэю гэтага кампрамісу падтрымліваюць як сябры грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу, так і пікетоўцы рэстарацыі «Поедем поедим». Кампрамісны варыянт усталяваньня мэмарыяльнага знаку ўхваліў у размове з карэспандэнтам Свабоды намесьнік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі.
Пра гэтую прапанову, кажа Чахольскі, ведаюць і аўтары афіцыйнага мэмарыяльнага знаку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта як намаляваць бараду для Моны Лізы». Пазьняк заклікаў мастакоў адмовіцца ад помніку ў КурапатахАктывісты гатовыя ўзяць удзел у добраўпарадкаваньні ўваходу ў Курапаты, дзе прапануюць усталяваць афіцыйны мэмарыяльны знак, у прыватнасьці — забрукаваць дарогу.
«Ужо сабраныя грошы, зьбіраюцца камяні», — сказаў Алесь Чахольскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзкасьць не прызнае вынікаў конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інвэнтарызацыя Курапатаў. Дакумэнты на «лаву Клінтана» і яшчэ 38 абʼектаў перадалі ў Міністэрства культуры