3 кастрычніка Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадало ў Міністэрства культуры дакумэнты для інвэнтарызацыі 39 аб’ектаў Народнага мэмарыялу ў Курапатах.
Гэта 37 безыменных і іменных крыжоў, у тым ліку крыж Вацлаву Ластоўскаму, а таксама так званая «лава Клінтана» і памятны знак беларускім габрэям, расстраляным у Курапатах.
Чыноўнікам прапануюць «узгадніць і надаць законны статус элэмэнтам добраўпарадкаваньня, пастаўленым грамадзкасьцю ў Курапатах».
Да кожнага крыжа ці знака ёсьць фота, апісаньне, інвэнтарны нумар і каардынаты. Усе абʼекты пазначаныя на схеме.
Фіксацыю абʼектаў у Курапатах і падрыхтоўку дакумэнтаў цягам двух мінулых тыдняў рабілі актывісты Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Сьпярша былі зафіксаваныя абʼекты на курапацкай «Галгофе» і абапал дарогі на яе, патлумачыў Свабодзе Юры Меляшкевіч з Таварыства аховы помнікаў.
«Астатняя праца для інвэнтарызацыі курапацкіх аб’ектаў, а гэта толькі крыжоў каля паўтары тысячы, заплянаваная намі на будучы год. Цяпер жа варта пасьпяшацца з узгадненьнем асноўных аб’ектаў у Курапатах, бо там неўзабаве могуць пачаць будаўнічыя працы для ўсталяваньня мэмарыяльнага знаку», — кажа Юры Меляшкевіч.
Ён дадае, што па маральную падтрымку таварыства будзе зьвяртацца ў амбасады ЗША, Польшчы і Ізраілю.
«Бо тая ж „лава Клінтана“, падарунак прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана, дагэтуль фактычна як помнік не легалізаваная. Як і крыж памяці расстраляных у Курапатах палякаў ці знак памяці габрэяў. Зацьверджаньне гэтых аб’ектаў як аб’ектаў добраўпарадкаваньня Народнага мэмарыялу дазволіць іх надзейна захаваць у будучыні», — мяркуе Меляшкевіч.
Дарэчы, дарагое абсталяваньне для фіксацыі курапацкіх абʼектаў было набытае за грошы мэцэната.
У Міністэрстве культуры ведаюць пра ідэю інвэнтарызацыі Курапатаў
Паводле Юрыя Меляшкевіча, ідэя фіксацыі курапацкіх абʼектаў летам абмяркоўвалася ў Міністэрстве культуры і спачатку была сустрэтая станоўча.
«Нарэшце нехта прыйшоў з пэўнай прапановай, а не з прэтэнзіямі», — працытаваў актывіст выказваньне адказнага чыноўніка, чыё імя пакуль ня хоча называць. Чаму? Бо пазьней той самы чыноўнік «адкруціў назад».
«Нічога. Мы мусім рабіць сваю справу, — кажа Меляшкевіч. — Калі чыноўнікі адмовяць, адправім ім запыт: а што вы прапануеце рабіць зь існымі курапацкімі аб’ектамі, як мяркуеце іх захаваць? Прапануем ім абмяркоўваць гэта публічна. Спадзяемся, у рэшце рэшт пагодзяцца, што прапанаваны намі шлях — самы рэальны».
Аўтар афіцыйнага мэмарыяльнага знаку не ўяўляе яго без курапацкіх крыжоў
Адметна, што сярод дакумэнтаў, дасланых у Міністэрства культуры, ёсьць ліст скульптара Сяргея Аганава, чый праект перамог у дзяржаўным конкурсе на ўсталяваньне ў Курапатах мэмарыяльнага знаку «памяці і прамірэньня».
Сяргей Аганаў падтрымаў ідэю актывістаў таварыства і зьвярнуўся да чыноўнікаў з просьбай зацьвердзіць аб’екты Народнага мэмарыялу.
«Усе элемэнты добраўпарадкаваньня і мэмарыялізацыі памяці ахвяраў рэпрэсіяў (крыжы, памятныя камяні і г.д.) ёсьць неадʼемнымі элемэнтамі кампазыцыі нашага мэмарыяльнага знаку, фармуюць ансамблевасьць і абавязковыя для захаваньня цэласнасьці мастацкай ідэі мэмарыяльнага знаку», — зазначыў у сваім лісьце Сяргей Аганаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Астаповіч: «Курапацкія крыжы трэба інвэнтарызаваць і зарэгістраваць у Міністэрстве культуры. Каб ня зьніклі»Паводле закону, адказ зь міністэрства мусіць прыйсьці цягам двух тыдняў.
«Спадзяемся, што разгледзяць і адкажуць нават хутчэй, з увагі на важнасьць тэмы Курапатаў», — кажа Юры Меляшкевіч.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5