Так сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў аднаасобнае рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адмяніць забароны, уведзеныя многімі мясцовымі органамі ўлады, у тым ліку і Менгарвыканкамам, на продаж алькаголю ў начны час, а таксама распараджэньне выдзеліць бізнэсоўцу Аляксею Алексіну 2400 месцаў для продажу цыгарэт.
«Тысячы шапікаў, якія рэклямуюць і прадаюць цыгарэты, зьявяцца на вуліцах гарадоў Беларусі. Кампанія, падкантрольная бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, створыць амаль 2400 гандлёвых кропак, у тым ліку каля 500 у Менску. Мясцовыя выканкамы павінны без аўкцыёну прадаставіць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў», — цытуе сустаршыню БХД сайт арганізацыі.
Беларускія хрысьціянскія дэмакраты ўжо праводзілі кампаніі супраць зьяўленьня тытунёвых шапікаў у гарадах Гарадзенскай вобласьці. Там шапікі выстаўляліся каля школ, у шматлюдных грамадзкіх месцах.
«Неаднаразова мы накіроўвалі прапановы па дэалькагалізацыі Беларусі. Але, на жаль, улады робяць крок наперад і два назад... А тым часам нацыя працягвае сьпівацца. Экспэртамі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя падлічана, што прыкладна 30% усіх пухлін чалавека і сьмерцяў ад раку зьвязана з паленьнем...
Але ўладу цікавяць толькі ўласныя прыбыткі (бо аб даходах дзяржавы ў гэтым выпадку казаць не дарэчы — на лячэньне наступстваў алькагалізму і паленьня траціцца ў некалькі разоў больш бюджэтных грошай, чым паступае ад продажу алькаголю і тытуню)», — лічыць Віталь Рымашэўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загадаў цягам сутак скасаваць абмежаваньні на продаж алькаголю