Палата прадстаўнікоў двойчы заслухае Румаса і прыме бюджэт на 2019 год

Сяргей Румас

2 кастрычніка адкрываецца восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Бліжэйшым часам (мяркуецца, 5 кастрычніка) дэпутаты разгледзяць пытаньне аб згодзе на прызначэньне Сяргея Румаса прэм’ерам, а крыху пазьней заслухаюць праграму дзеяньняў абноўленага ўраду.

Рэальных шанцаў, што дэпутаты «пракінуць» новага кіраўніка ўраду, няма. Яшчэ 18 жніўня Лукашэнка прызначыў Румаса прэм’ерам, не спытаўшы згоды дэпутатаў. Дагэтуль юрысты спрачаюцца: адны лічаць, што кіраўнік дзяржавы пры гэтым не парушыў законадаўства, другія называюць ягоныя дзеяньні незаконнымі і кажуць, што Румаса бяз згоды Палаты прадстаўнікоў можна было прызначаць толькі выканаўцам абавязкаў. Аднак у кулюарах Авальнай залі ніякага абурэньня з гэтай нагоды не было чуваць. І гэта яшчэ адна прыкмета таго, што чакаць нейкага «выбуху» не выпадае.

Невыпадкова на апошняй радзе Палаты прадстаўнікоў яе старшыня Ўладзімер Андрэйчанка акцэнтаваў увагу дэпутатаў не на прызначэньні Сяргея Румаса, а на праграме ўраду. Ён заклікаў «самым уважлівым чынам разгледзець палажэньні Праграмы праз прызму мэтаў і задачаў пяцігадовага пляну разьвіцьця краіны, стварэньня належных умоваў для фармаваньня новых галін эканомікі, падтрымкі малога і сярэдняга бізнэсу».

Бюджэт — гэта непарушны закон, але не ў Беларусі

Леанід Заіка

Эканаміст Леанід Заіка задаецца пытаньнем: «Чаму сур’ёзныя эканамісты ніколі ня будуць дастаткова адказна гаварыць пра бюджэт Беларусі?». І сам жа тлумачыць гэтую сытуацыю:

«У кожнай цывілізаванай краіне сьвету бюджэт — гэта ЗАКОН. І статус закону надаюць бюджэту акурат парлямэнтары. Пасьля іхнага галасаваньня бюджэт ператвараецца ў дакумэнт, які нельга зьмяняць. І калі бюджэт не выконваецца, то гэта грубае парушэньне заканадаўства».

«А ў Беларусі існуе такі мэтад, як карэкцыя бюджэту, — працягвае эканаміст. — Звычайна гэта робіцца ў канцы году. Зьмены ў галоўны фінансавы дакумэнт дзяржавы ўносіць яе кіраўнік. І атрымліваецца так, што, нягледзячы на закон, які прынялі дэпутаты, Лукашэнка яго зьмяняе. Дык які сэнс сёньня абмяркоўваць лічбы, якія ўсё роўна будуць зьмяняцца».

Леанід Заіка кажа, што традыцыйна лічбы ў бюджэце будуць арыентавацца найперш на цэны нафты на ўсясьветным рынку. Менавіта зь іх і выводзяцца асноўныя парамэтры новага бюджэту. Другі крытэр — курс беларускага рубля, які плянуецца на 2019 год. А абцяжарвае ўсе гэтыя разьлікі велізарная запазычанасьць крэдыторам.

Што яшчэ, акрамя бюджэту?

У плянах на восеньскую сэсію — новая рэдакцыя Падатковага кодэксу. Рыхтуюцца папраўкі да Жыльлёвага і Працоўнага кодэксаў.

У эканамічным блёку — законапраекты пра інвэстыцыі, прыватызацыю. Магчыма, нарэшце будуць прынятыя папраўкі дзеля дэкрыміналізацыі правапарушэньняў у эканамічнай сфэры.

Дэпутатка Ганна Канапацкая паспрабуе пераканаць калегаў прыняць зьмены ў Кодэкс аб зямлі, а Алена Анісім працягне барацьбу за тое, каб законы прымаліся адразу на дзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Анісім: міністар фінансаў ня супраць двухмоўя, але выдзяляць на гэта грошы адмаўляецца

Цяпер у Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца 44 праекты розных законаў. Палова зь іх, паводле спадара Андрэйчанкі, уключаецца ў парадак дня. А дэпутатам паступаюць новыя заканапраекты.

Напрыклад, камісія правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі атрымала з ураду зьмены і дапаўненьні да некаторых законаў. Яны падрыхтаваныя, як напісалі чыноўнікі з Савету Міністраў, «для рэалізацыі Ўказу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі ад 21 сакавіка 2018 году № 112 „Аб паляваньні і вядзеньні паляўнічай гаспадаркі“».

Сёньня — 12 пытаньняў

У пералік пытаньняў для разгляду на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 2 кастрычніка ўключана 12 пытаньняў. У першым чытаньні заканадаўцы маюць намер разгледзець зьмены да законаў «Аб санітарна- эпідэміялягічным дабрабыце насельніцтва», «Аб абыходжаньні з адкідамі», а таксама да Кодэксу «Аб адміністрацыйных правапарушэньнях».

У другім, і апошнім, чытаньні абмяркуюць законапраекты «Аб транспартна-экспэдыцыйнай дзейнасьці», «Аб электронным дакумэнце і электронным лічбавым подпісе» ды некаторыя іншыя.

У папярэднім парадку дня таксама прадугледжаная ратыфікацыя некалькіх міжнародных дамоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марзалюк: законапраект супраць хатняга гвалту «супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям»