Сьледчы камітэт паведаміў пра сьмерць адной з пацярпелых падчас выбуху 25 верасьня на прадпрыемстве «Магілёўдрэў».
«Адна з пацярпелых падчас выбуху на „Магілёўдрэве“ памерла ва ўстанове аховы здароўя. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца. Прычына трагедыі вызначаецца», — паведаміла ў Фэйсбуку афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.
Як даведалася Свабода, пацярпелую звалі Ірына Кавецкая. Яна з прыгараднай вёскі Цішоўка. Памерла ўчора а 8-ай раніцы.
Двое пацярпелых, якія знаходзяцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры Бальніцы хуткай мэдыцынскай дапамогі Менску, па-ранейшаму ў цяжкім стане, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. Яшчэ два чалавекі, якія лекаваліся ў Магілёве, выпісаліся дадому яшчэ на мінулым тыдні, у бальніцы заставалася адна жанчына.
Выбух на прадпрыемстве «Магілёўдрэў». Што важна ведаць
- 25 верасьня на прадпрыемстве «Магілёўдрэў», у фарбавальнай камэры лакафарбавальнага цэху прыкладна а 18:30 адбыўся выбух і ўзгараньне.
- Падчас здарэньня ў цэху знаходзілася 9 чалавек. Шасьцёра пацярпелых работнікаў былі шпіталізаваныя: трое атрымалі цяжкія апёкі (да 60 % плошчы цела), яшчэ трое — ўдары і парэзы. Пацярпелых зь цяжкімі апёкамі накіравалі на лячэньне ў Менск, у спэцыялізаванае апёкавае аддзяленьне.
- 1 кастрычніка стала вядома пра сьмерць адной з пацярпелых падчас выбуху.
- Рабочыя кажуць, што чулі гук, нібыта нешта пляснула. Вылецела рама. Завод быў адключаны ад электрычнасьці, пасьля зноў падключаны.
- У выніку выбуху пашкодзіліся: сьцяна з сэндвіч-панэляў на плошчы 300 квадратных мэтраў, фарбавальная камэра, 6 аконных блёкаў, шкло. Абсталяваньне не пашкодзілася. Тэхналягічны працэс у цэху спынілі, на працу прадпрыемства гэта не паўплывала.
- Распачатая крымінальная справа за парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі, якія прывялі да выбуху і прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў работнікам прадпрыемства.
- Прычына выбуху высьвятляецца. Расьсьледаваньне праводзіць Магілёўскі міжраённы аддзел СК Беларусі. Кіраўнік Сьледчага камітэту Іван Наскевіч узяў на асабісты кантроль справу аб выбуху на «Магілёўдрэве».
Што гавораць сваякі пацярпелых ад выбуху на «Магілёўдрэве»
Што вядома пра «Магілёўдрэў», дзе адбыўся выбух