Улады Беларусі зьбіраюцца працягнуць перамовы зь Міжнародным валютным фондам па атрыманьні новай пазыкі ў 2020 годзе, расказаў Reuters міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.
Гаворка аб перамовах, прыпыненых у 2017-м. Афіцыйны Менск хацеў атрымаць крэдыт у 3,5 млрд даляраў, ды не пагадзіўся з хуткасьцю рэформаў, прапанаванай МВФ.
Максім Ермаловіч дадаў, што ня бачыць магчымасьці ўзьнікненьня праблемаў са зьнешняй запазычанасьцю ў Беларусі ў 2019 годзе — і ня бачыць патрэбы разьмяшчэньня эўрабондаў
Літаральна за два тыдні да заявы аб жаданьні працягнуць перамовы Ермаловіч казаў, што ад праграмы Міжнароднага валютнага фонду беларускія ўлады адмовіліся.
На выкананьне той праграмы, расказваў ён, «выйшлі, але мы разышліся ў тэрмінах рэалізацыі», бо «МВФ настойваў на больш сьціслым пэрыядзе» рэформаў, а Лукашэнка «ўказаў нам, што гэта будзе высокі шок для нашага насельніцтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждоўг Беларусі перавысіў 50% ВУП. Экспэрт: сытуацыя крытычнаяУ 2019 годзе Беларусі трэба сплаціць 3,5 млрд даляраў па дзяржаўнай запазычанасьці, у 2020-м — 3,7 млрд. Паводле міністра фінансаў, з гэтым разьбіраюцца некалькімі шляхамі.
75% дзяржаўнай запазычанасьці зьбіраюцца рэфінансаваць (гэта значыць, узяць крэдыты на выплаты крэдытаў). Ермаловіч кажа, «мы ідзём на новыя рынкі пазык».
Таксама дзяржава зьбіраецца прыцягваць рэсурсы «на больш камфортныя тэрміны па больш камфортных стаўках» — шукае рынкі, дзе стаўкі лепшыя за тыя, што былі пры разьмяшчэньні эўрабондаў летась (менавіта эўрабонды разьмяшчаць не плянуецца, але мяркуецца разьмяшчэньне аблігацыяў на 2 млрд даляраў у Расеі і Кітаі).
25% дзяржаўнай запазычанасьці плянуецца сплаціць за кошт даходаў дзяржаўнага бюджэту. Плянуецца таксама «выпрацаваць стратэгію», каб фінансаваць дзейнасьць дзяржаўных прадпрыемстваў без запазычанасьцей — каб тыя пазычалі грошы самі, а не дадавалі дзяржаўнага доўгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: World Bank расказаў, што зрабіць Беларусі дзеля атрыманьня крэдыту