2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») атрымаў за дзедаўшчыну яфрэйтар войскаў супрацьпаветранай абароны. Паводле абвінавачаньня, Павал Красільнікаў прымушаў салдат адціскацца, прысядаць, стаяць на галаве і сьпяваць пры гэтым. Яфрэйтар віны не прызнаў. Пацярпелыя прасілі суд не караць яго строга.
«Спадзяюся на справядлівае рашэньне суду. Усё», — зазначыў на апошнім слове ў судзе абвінавачаны.
Факты дзедаўшчыны ў вайсковай частцы № 48694 датаваныя верасьнем 2017 году. Ад дзеяньняў вайскоўца пацярпелі пяць шэрагоўцаў. Адцісканьні, прысяданьні, сьпевы стоячы на галаве сьледзтва прызнала прыніжэньнем і зьдзекамі. Пацярпелыя не асуджалі яфрэйтара, прасілі суд паставіцца да яго паблажліва. «Я для яго турмы не хачу!» — заявіў адзін з радавых. Іншыя прытрымліваліся такой жа думкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загадаў адціскацца, стаяць на галаве і сьпяваць. У Гомлі пачаўся суд за дзедаўшчынуШарагоўцы сьведчылі, што ня ведаюць прычыны, зь якой яфрэйтар прымусіў іх адціскацца і прысядаць. Адзін выказаўся, што гэта магло быць пакараньнем за разьбіты акварыюм.
Абвінавачаны не прызнаў віны. Ён выказаўся, што салдаты абгаварылі яго, бо быў да іх патрабавальны, «любіў чысьціню і парадак».
Дзяржаўны абвінаваўца прасіў пакараць яфрэйтара абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Адвакат Паўла Красільнікава ў судовых спрэчках даводзіў, што ў справе не хапае доказаў віны ягонага падабароннага. Напрыклад, злачынства датуецца верасьнем, але па дакумэнтах пацярпелыя былі ў гэты час у службовай выправе. На думку абаронцы, у справе няма доказаў зьдзекаў і прыніжэньняў. Паказаньні пацярпелых адвакат назваў супярэчлівымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзедаўшчына ў беларускім войску трапіць на інтэрактыўную мапу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць сьмерцяў, мабільнікі ў Печах, сяржанты на лаве падсудных. Што адбылося за год са сьмерці Коржыча