Што гавораць сваякі пацярпелых ад выбуху на «Магілёўдрэве»

Месца выбуху на «Магілёўдрэве»

На прадпрыемстве «Магілёўдрэў» праз выбух у фарбавальнай камэры пацярпелі шасьцёра работнікаў. Тры зь іх жанчыны. Усе шпіталізаваныя.

Двух чалавек спачатку даставілі ў апёкавае аддзяленьне магілёўскай бальніцы № 1, а затым адправілі на лячэньне ў Менск. Адну работніцу транспартавалі гелікоптэрам у сталічны шпіталь у дзень, калі адбылося здарэньне, — 25 верасьня. Яе каляжанку — 26-га. На пераводзе ў Менск настаяла кіраўніцтва прадпрыемства. Пра гэта кажуць сваякі пацярпелых.

У 53-гадовай работніцы апёкі 61 працэнта цела. Яна ў цяжкім стане

Родзічы 53-гадовай работніцы прадпрыемства Ірыны паведамілі, што стан яе цяжкі. Жанчына атрымалі апёкі 61 працэнта скуры, акрамя таго, пашкоджаныя верхнія дыхальныя шляхі.

Пра тое, што адбылося ў цэху, родзічы Ірыны ня ведаюць. Адзначаюць, што ўсе відавочцы здарэньня цяпер у бальніцы. Пра кампэнсацыю прадпрыемствам шкоды, нанесенай здароўю работніцы, пакуль гаворкі не было.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася ВІДЭА зь месца выбуху на «Магілёўдрэве»

Родзічы 47-гадовай пацярпелай: Яна ў шоку

Яшчэ адну пацярпелую, 47-гадовую Аксану, лечаць у Магілёве. Зь ёй бачыліся родзічы. Стан здароўя яе яны лічыць здавальняльным.

«У яе няма асаблівых апёкаў ці іншых пашкоджаньняў. Яна ў шокавым стане. Лекары кажуць, што небясьпекі яе жыцьцю няма. Яна пад наглядам. Пра выпіску гаворкі няма пакуль. Хочам, каб яна ачуняла. Мы рады, што ўсё абышлося, хоць сытуацыяй шакаваныя таксама», — кажа сястра пацярпелай.

Пра дэталі здарэньня родзічы Аксаны ня ведаюць. Кажуць: спачатку яна сама патэлефанавала і сказала, што яе трэба з працы забраць. Потым высьветлілася, што яна ў бальніцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Пінскдрэву» да «Магілёўдрэву»: найбуйнейшыя трагедыі на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоў

Пра іншых пацярпелых на прадпрыемстве Аксаніны родзічы ведаюць толькі з афіцыйных паведамленьняў.

Паводле іхных словаў, пра кампэнсацыю шкоды здароўю ніхто не гаварыў, але суразмоўцы спадзяюцца, што яна будзе.

Сьледчы камітэт: адбылося ўзгараньне і выбух

Распачатая крымінальная справа за парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны і правілаў бясьпекі, якія прывялі да выбуху і прычыненьня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў работнікам прадпрыемства.

Увечары 25 верасьня ў лякафарбавым цэху адбылося ўзгараньне з адначасовым выбухам, у выніку якога пашкоджаныя канструкцыі і абсталяваньне цэху. Супрацоўнікі МНС пажар зьліквідавалі. На момант выбуху ў вытворчым памяшканьні знаходзіліся дзевяць работнікаў.

Шэсьць чалавек — тры жанчыны і трое мужчын — з пашкоджаньнямі рознай ступені шпіталізаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Магілёўдрэў», дзе адбыўся выбух