Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб пачатку крымінальнай справы па факце выбуху на заводзе «Магілёўдрэў» — паводле артыкулу за «парушэньне правілаў бясьпекі» (ч.2 арт.302 КК РБ).
Падазраваныя не называюцца. Паводле гэтага артыкулу могуць:
- абмежаваць волю на тэрмін да 5 гадоў;
- пазбавіць волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.
Паводле сьледчых, 25 верасьня каля 18:30 у лякафарбавым цэху адбылося ўзгараньне з адначасовым выбухам.
На момант выбуху, пацьвердзілі сьледчыя, у памяшканьні былі дзевяць чалавек. Тры мужчыны і тры жанчыны зь цялеснымі пашкоджаньнямі рознай цяжкасьці шпіталізаваныя — тры зь іх у цяжкім стане, іх будуць лекаваць у Менску.
Для расьсьледаваньня справы створаная адмысловая група, якую ўзначаліў старшыня СК Іван Наскевіч. Меркаваныя прычыны здарэньня пакуль не называюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «Магілёўдрэў», дзе адбыўся выбух ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Пінскдрэву» да «Магілёўдрэву»: найбуйнейшыя трагедыі на беларускіх прадпрыемствах апошніх гадоў