Вайскоўцы памежнай заставы Церабунь, што пад Берасьцем на мяжы з Польшчай, затрымалі 24 верасьня двух грамадзянаў Манголіі, расказвае Дзяржаўны памежны камітэт.
Памежнікі сьцьвярджаюць, што муж і жонка накіроўваліся да польскай мяжы, мінаючы населеныя пункты. Мужчына знаходзіўся на дзяржаўнай службе ў Манголіі, «займаўся проціпраўнай дзейнасьцю» (якой менавіта, Памежны камітэт не ўдакладняе, але ў загалоўку навіны называе чыноўніка карупцыянэрам), таму вырашыў з жонкай уцячы да родзічаў у Нямеччыну.
Сямейную пару зьмясьцілі ў ізалятар. Іх, верагодна, чакае дэпартацыя з забаронай на ўезд у Беларусь на тэрмін да 5 гадоў. Супраць іх распачалі справы за «незаконнае перасячэньне мяжы» (арт. 23.29 КаАП РБ) і «парушэньне памежнага рэжыму» (23.30 КаАП), ім могуць прысудзіць штраф да 100 базавых велічыняў (2450 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штрафбат» для карупцыянэраў. Як былы дырэктар мясакамбінату кіраваў гаспадаркай на загад Лукашэнкі