Пасьля прызнаньня рэдактара аддзелу сайту Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка ў тым, што ён пад ціскам Сьледчага камітэту падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, ніхто зь іншых фігурантаў «справы БелТА» не заявіў аб гэтым.
Апытаныя Свабодай фігуранты «справы БелТА» разам з тым выказалі абурэньне ціскам Сьледчага камітэту на Дзьмітрыя Бобрыка.
25 верасьня Дзьмітры Бобрык прызнаўся ў фэйсбуку, што пад ціскам і пагрозамі вымушаны быў падпісаць дакумэнт «аб супрацоўніцтве».
Быкоўскі: «У сьледчых шмат розных прыёмаў»
Карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Паўлюк Быкоўскі, таксама фігурант «справы БелТА», сказаў, што яму не прапаноўвалі супрацы з праваахоўнымі органамі. Паводле яго, сьледчыя падчас і ператрусу, і допыту паводзілі сябе дастаткова тактоўна і карэктна.
«Хаця было і глупства — забралі мабільныя тэлефоны ў жонкі і дачкі, і таму не было як паведаміць ім пра маё затрыманьне, бо ў Сьледчы камітэт я паехаў, так бы мовіць, добраахвотна. А юрыдычна затрыманьне было зроблена значна пазьней. Я адразу ж сказаў, што ўсе працэсуальныя дзеяньні буду рабіць толькі з адвакатам, і ніякіх размоваў без адваката ў мяне не было», — распавёў Паўлюк Быкоўскі.
Журналіст цалкам дапускае, што Сьледчы камітэт выкарыстоўвае розныя мэтады і прыёмы, у тым ліку і псыхалягічныя, і старая іхная гульня «у добрага і кепскага сьледчага» таксама мае месца.
«Гэта „клясыка жанру“, ёсьць розныя падыходы да розных асобаў. Хтосьці ўспрымаецца сьледчымі як чалавек, ад якога прасьцей атрымаць вынік, хтосьці не паддаецца, хтосьці ў іхным фокусе ўвагі, хтосьці не,» — мяркуе Паўлюк Быкоўскі.
Наконт учынку Дзьмітрыя Бобрыка, які прызнаўся, што яго прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве, спадар Быкоўскі кажа, што пакуль мала канкрэтнай інфармацыі.
«Тут могуць быць розныя варыянты прачытаньня. Гэта можа быць дамова аб супрацоўніцтве са спэцслужбамі, гэта можа быць дамова са сьледзтвам — я ня ведаю. Пакуль без дадатковых камэнтароў на падставе таго допісу ў фэйсбуку высновы рабіць цяжка. Але сама сытуацыя з прэсінгам з боку Сьледчага камітэту выклікае абурэньне», — перакананы Паўлюк Быкоўскі.
Леўшына: «Бобрыку варта было прызнацца раней»
Галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, фігурантка «справы БелТА» Ірына Леўшына кажа, што ніякіх запалохваньняў, пагрозаў на яе адрас з боку сьледчых ні падчас ператрусу, ні падчас допытаў не было. І не было прапановаў «супрацоўніцтва».
«Паводзілі ўсе сябе ня тое што карэктна — проста мая танальнасьць размовы з асобнымі сьледчымі была такая, што ім нават у галаву не магло прыйсьці мне гэта прапаноўваць. Я б сказала, што зь некаторымі я размаўляла карэктна, а зь некаторымі — жорстка.
Я думаю, што сьледчыя — нядрэнныя псыхолягі, і па размове яны разумелі, на каго можна націснуць, а на каго — не», — кажа Леўшына.
На яе думку, фігуранты «справы БелТА» знаходзіліся ў апэратыўнай распрацоўцы, бо крымінальная справа была заведзеная яшчэ 15 траўня. Сьледчыя зьбіралі інфармацыю, праслухоўвалі, сачылі за імі ў сацыяльных сетках, шукалі факты, з дапамогай якіх можна націснуць на чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Сьледчы камітэт адрэагаваў на прызнаньне журналіста Tut.by пра «супрацоўніцтва»Што да ўчынку Бобрыка, які прызнаўся, што яго завэрбавалі, Ірына Леўшына яго цалкам падтрымлівае.
«Дзіма — малайчына, што прызнаўся. Адзінае, Дзіму варта было б зрабіць прызнаньне значна раней. Калі б ён гэта зрабіў адразу, ён бы і сябе засьцярог ад небясьпекі ў большай ступені, і сваіх блізкіх. Такія рэчы павінны станавіцца публічнымі адразу ж.
Калі б найменшая пагроза альбо хаця б намёк на пагрозу прагучалі на адрас маіх блізкіх — я б склікала прэс-канфэрэнцыю каля брамы Сьледчага камітэту, як толькі адтуль выйшла — патэлефанавала б усім калегам і зладзіла прэсавую канфэрэнцыю. Бо галоснасьць — гэта адзінае, што ў нас застаецца ў такой сытуацыі», — заявіла Ірына Леўшына.
Каравянкова: «Дзьмітры Бобрык знайшоў мужнасьць»
Іншая фігурантка «справы БелТА», карэспандэнтка агенцтва БелаПАН Тацяна Каравянкова таксама кажа, што яе рэакцыя на дзеяньні ў дачыненьні Дзьмітрыя Бобрыка — абурэньне.
«Да мяне сьледчыя ставіліся вельмі карэктна. Сьледчыя былі ветлівыя, не пагражалі. Толькі маму маю напалохалі. Я магу казаць толькі пра сябе, не магу за іншых, — ніякага шантажу, ціску, пагрозаў, выкарыстаньня фізычнай сілы, прэсінгу не было», — расказала Тацяна.
Прызнаньне Дзьмітрыя Бобрыка Тацяна лічыць вельмі мужным учынкам, які патрабуе пэўных сілаў, рашучасьці.
«Мы ня ведаем, чым яго шантажавалі, чым пагражалі яму і ягоным блізкім. Я магу толькі захапляцца тым, што чалавек не паддаўся на пагрозы і знайшоў мужнасьць і сьмеласьць заявіць, як да яго ставіліся, пагражалі і завэрбавалі», — кажа Тацяна Каравянкова.
Рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык 25 верасьня ў сваім фэйсбуку напісаў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «пра супрацоўніцтва». Журналіст сьцьвярджае, што ў цэнтральным апараце ведамства яму і ягоным блізкім пагражалі.
Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова пракамэнтавала прызнаньне журналіста парталу Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка ў тым, што ён пад ціскам падпісаў дакумэнт аб супрацоўніцтве: «Самая кароткая небыліца: Сьледчы камітэт завэрбаваў».
Многія калегі, у тым ліку і заснавальнік Tut.by Юры Зісер выказалі падтрымку Дзьмітрыю Бобрыку.
Раніцай 7 жніўня супрацоўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі зь ператрусамі ў офісы інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаніяў.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
- Падставай завесьці крымінальную справу паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
- Ператрусы таксама прайшлі ў офісах Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама ў справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
- Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.