Паводле вэрсіі сьледзтва, Аляксандар Коржыч загінуў у выніку самагубства ранкам 26 верасьня 2017 году.
26 верасьня 2017 году Коржыч прачнуўся каля 6 раніцы ў палаце мэдроты Навучальнага цэнтру ў Печах. Ён павінен быў адбыць нарад на кухні, аднак замяніўся з суседам па палаце, якому расказаў пра дрэннае самаадчуваньне. Каля 9 раніцы Аляксандар Коржыч пасьнедаў разам зь іншымі салдатамі, пасьля чаго даведаўся, што будзе выпісаны і павінен вярнуцца ў сваю частку. Прыкладна аб 11-й гадзіне Коржыч разам зь яшчэ дзясяткам салдат быў дастаўлены з мэдроты ў мэдпункт, адкуль яго пасьля званка фэльчара павінны былі забраць саслужыўцы. Па нявысьветленых абставінах гэтага не адбылося.

На магіле Аляксандра Коржыча, архіўнае фота
Апошні раз жывым Аляксандра Коржыча бачылі ля будынка мэдроты каля поўдня салдаты, якія выйшлі на перакур. Ён патлумачыў ім, што вярнуўся ў мэдроту з мэдпункту адзін, каб «паставіць галачку ў мэдкарце». Увечары 3 кастрычніка труп Коржыча ў падвале будынка мэдроты знайшоў сяржант Заяц. Паводле вынікаў судовай экспэртызы, цела Коржыча правісела ў пятлі каля сямі дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самагубства ці забойства? Белыя плямы ў справе КоржычаЗ дня сьмерці Аляксандра Коржыча, якая стала адной з самых рэзанансных у беларускім войску, прайшоў год. Свабода прыгадвае, што адбылося ў арміі за гэты час.
Дазвол на мабільнікі, відэакамэры ў Печах
Вучэбны цэнтар у Печах
Да лістапада мінулага году ў Аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах, куды ўваходзіць восем вайсковых частак, карыстацца мабільнымі тэлефонамі салдатам дазвалялася толькі па нядзелях і з дазволу камандзіраў. Падчас расьсьледаваньня абставінаў сьмерці Аляксандра Коржыча высьветлілася, што сяржанты дазвалялі салдатам карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў любы час. Але атрымлівалі за гэта грошы — 40 рублёў за смартфон з выхадам у інтэрнэт і 20 за звычайны тэлефон без сэнсарнага экрана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцам у Печах дазволілі мець пры сабе тэлефоны — без інтэрнэту, камэры і дыктафону8 лістапада ў Мінабароны паведамілі, што цяпер на тэрыторыі вайсковых частак у Печах салдаты могуць мець мабільнікі пры сабе і свабодна карыстацца імі ў вольны час. Акрамя гэтага, у Печах усталявалі камэры відэаназіраньня ў казармах. Паводле Мінабароны, яны дазволяць больш пільна сачыць за тым, што там адбываецца.
Рэзкі рост колькасьці крымінальных спраў за дзедаўшчыну
Падчас суду над былым камандзірам аддзяленьня вайсковай часткі №43064 у Печах (Барысаў) сяржантам Аляксандрам Берднікам за гвалт у дачыненьні да салдат тэрміновай службы. Барысаў, 23 красавіка 2018 году
Пра тое, што за першае паўгодзьдзе 2018-га за дзедаўшчыну было асуджана столькі ж салдатаў, колькі за ўвесь 2017 год, у канцы ліпеня паведаміў Вярхоўны суд. Паводле інфармацыі ведамства, за першае паўгодзьдзе 2018 году за такія злачынствы асудзілі 28 чалавек, а за ўвесь 2017-ы — 31.
Часьцей за ўсё разглядаліся справы паводле 443 і 455 артыкулаў Крымінальнага кодэксу (парушэньне статутных правілаў узаемаадносінаў і злоўжываньне ўладай). Дзесяць чалавек атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны. У іншых выпадках прымянялася пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.
Праверка ўсіх выпадкаў сьмерці і траўмаваньня салдатаў за апошнія шэсьць гадоў
Ілюстрацыйнае фота. Салдаты на пахаваньні Сяргея Ясюкевіча, які загінуў падчас службы ў войску. Вёска Ятра Наваградзкага раёну. 11 верасьня 2018 году
25 кастрычніка старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч расказаў журналістам, што СК нанова праверыць усе факты суіцыдаў і траўмаваньня салдат за апошнія 6 гадоў, ад моманту стварэньня Сьледчага камітэту.
Тое, што СК аднавіў сьледзтва ў некаторых з гэтых спраў, Свабодзе пацьвердзілі родныя загінулых да Коржыча салдатаў — Арцёма Басьцюка, Паўла Старанкова і Міхаіла Беўзюка. Аднак усе гэтыя справы былі празь некаторы час зноў закрытыя. Родныя загінулых атрымалі новыя пастановы аб спыненьні расьсьледаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матэрыялы справы паказалі толькі пасьля ліста Лукашэнку». Як расьсьледуюць сьмерці ў войскуКамэнтар у афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту аб колькасьці перагледжаных справаў і выніках новых расьсьледаваньняў атрымаць не ўдалося.
Пяць новых сьмерцяў
Пахаваньне салдата Аляксандра Арлова, якога знайшлі павешаным у вайсковай частцы ў Слоніме. Вёска Краснае, Карэліцкі раён. 7 верасьня 2018 году
За год, які прайшоў з моманту сьмерці Аляксандра Коржыча, у беларускім войску загінула як мінімум пяць чалавек. Пры гэтым двое зь іх скончылі жыцьцё самагубствам у той час, як у Менску ідзе працэс у справе Коржыча.
Першая пасьля Коржыча сьмерць адбылася 27 верасьня 2017 году. Пра яе паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, у Смаргонях з табэльнага пісталета застрэліўся малады афіцэр, яго імя не называлася.
Другая сьмерць адбылася 4 красавіка 2018 году, калі ва Ўруччы загінуў былы саслужывец Коржыча Дзьмітры Ўдод. Ён праходзіў у справе аб гібелі Коржыча ў якасьці пацярпелага і загінуў, паводле афіцыйнай вэрсіі, у выніку парушэньня тэхнікі бясьпекі падчас выкарыстаньня баявых машын. Саслужыўцы Ўдода расказалі СМІ, што салдат трапіў пад агонь буйнакалібэрнага кулямёта і загінуў на месцы здарэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі салдатаў загінула ў войску пасьля Аляксандра Коржыча. Сьпіс11 ліпеня Мінабароны паведаміла пра сьмерць 33-гадовага дэсантніка Яўгена Салавейкі, парашут якога згарнуўся ў выніку моцнага парыву ветру.
5 верасьня 2018 году Мінабароны афіцыйна паінфармавала пра сьмерць салдата тэрміновай службы 20-гадовага Аляксандра Арлова ў Слоніме. Да канца службы яму заставалася паўгода.
Пра гібель пятага салдата стала вядома 9 верасьня. Цела 26-гадовага салдата адной з горадзенскіх частак было знойдзена павешаным у лесе разам зь перадсьмяротнай запіскай. Родныя загінулага паведамілі Свабодзе, што яго звалі Сяргей Ясюкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зажымаюць дзяцей, вешаюцца ў тым войску» — у вёсцы Ятра пахавалі салдата, які загінуў падчас службы
Звальненьні і затрыманьні вайскоўцаў
Пра перастаноўкі ў кіраўніцтве Навучальнага цэнтру ў Печах Мінабароны паведаміла 18 кастрычніка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, пяць афіцэраў звольнілі з войска, яшчэ двух перавялі на новыя месцы працы.
Сярод пераведзеных на іншае месца быў камандзір Навучальнага цэнтру Канстанцін Чарнецкі. Камандзір часткі Коржыча Аляксандар Чарноў і намесьнік камандзіра роты загінулага салдата Вадзім Чыркоў напісалі заявы аб звальненьні. Тое самае зрабіў камандзір роты Аляксандра Коржыча Павал Сукавенка, якога затрымалі ў сярэдзіне кастрычніка і абвінавацілі ў сьмерці салдата. Пазьней ягоная справа была выведзеная ў асобнае справаводзтва, а ў сьмерці Коржыча абвінавацілі трох сяржантаў ягонай роты. Суд над імі пачаўся 8 жніўня 2018 году. Працэс быў прыпынены пасьля таго, як усе трое абвінавачаных заявілі пра фізычны і маральны ціск з боку КДБ.