Карыстальнік Twitter, вядомы пад нікнэймам Glamour Gopnique, спытаў у беларускай кампаніі «Лідзкае», ці ня ёсьць падробкай бутэлька «Лідзкага квасу» зь незвычайнай этыкеткай. Кампанія пацьвердзіла: «Прадукт з такой этыкеткай да нас не адносіцца».
Як напісана на этыкетцы, такі квас вырабляе кампанія «Милкдринк», якая знаходзіцца ў Чабаксарах, што ў расейскай Чувашыі — у 1700 км ад беларускай Ліды. «Милкдринк» вырабляе адразу некалькі відаў «Лідзкага квасу»: клясычны, цёмны, халадніковы.
Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў кампаніі, адзначыўшы што юрыдычныя асобы, адказныя за выпуск напояў, завуцца іначай. Як менавіта — не ўдакладнілі. У дзяржаўным рэестры Расеі кампаніі «Милкдринк» няма.
У кампаніі адмовіліся камэнтаваць, чаму выпускаюць прадукцыю пад таварным знакам, які ўжо зарэгістраваны ў Расеі беларускім ААТ «Лідзкае піва».
«Хай зьвяртаюцца ў суд», — сказалі Свабодзе ў кампаніі «Милкдринк».
Пры гэтым населеных пунктаў пад назвамі Ліда, Лідаўка або падобнымі ў Чувашыі няма (хаця ёсьць, напрыклад, сяло Луцкае, а ва ўкраінскім Луцку таксама вырабляюць квас).
Таварны знак «Лидский» зарэгістраваны ў Расеі беларускай кампаніяй — Лідзкім піўзаводам (таксама ў Расеі зарэгістраваў свой таварны знак «Лідзкая Буронушка» Лідзкі малочна-кансэрвны завод).
Ці будзе позва да «Милкдринк» у кампаніі зь Ліды не камэнтуюць.
«Нашая кампанія да квасу з дадзенай этыкеткай не мае дачыненьня», — сказала Свабодзе піяр-мэнэджар «Лідзкае піва» Натальля Яфімка.
Беларускі «Лідзкі квас» нядаўна сапраўды зьявіўся ў новым пакунку, але асноўныя элемэнты дызайну этыкеткі засталіся старымі:
Чувашскі «Лідзкі квас» прадаюцца сярод іншага праз анлайн-краму Ozon.ru (водгукі пра напоі там нэгатыўныя: нясмачны, «салодкая карычневая вада»). Напрыклад, за 2 літры клясычнага чувашскага «Лідзкага квасу» там просяць 57 расейскіх рублёў — каля 1,8 беларускага рубля.
Сапраўдны беларускі «Лідзкі квас» прадаецца ў беларускіх інтэрнэт-крамах за 2,09 беларускага рубля за 2 л.
«Милкдринк» сярод іншага вырабляе «Квас-Пивас» нібыта са смакам піва і квас «Kinderbeer», што можна перакласьці як «дзіцячае піва». Іншыя назвы, якія выкарыстоўвае для сваіх напояў чувашская кампанія, зарэгістраваныя на чабаксарскае ААТ «Портал».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вятрачок» і «Нарічанський». Як ва Ўкраіне імітуюць беларускія брэнды