Вядомы культуроляг і краязнаўца, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч выступіў з ініцыятывай тэрмінова правесьці інвэнтарызацыю крыжоў ды іншых аб’ектаў, пастаўленых у Курапатах, ды ўзгадніць іх зь Міністэрствам культуры.
«У Курапатах у кожны момант могуць пачаць працы па ўсталяваньні помніка, ініцыяванага летась дзяржавай. І тыя аб’екты, якія там узьніклі у межах Народнага мемарыялу, падчас будаўніцтва могуць проста зьнікнуць. Яны цяпер пад пагрозай, бо ўсталяваныя без узгадненьня з уладамі», — сказаў Свабодзе Антон Астаповіч.
Антон Астаповіч патлумачыў, што будзе азначаць інвэнтарызацыя Курапатаў.
«Гэта дакладная прывязка кожнага аб’екта, кожнага крыжа, памятнага каменя, той жа лавы Клінтана на мапе. Фотафіксацыя з маштабнай лінейкай і нанясеньне на плян. Робіцца гэта з дапамогай прылады, якая дзейнічае як GPS-навігатар, але дае вельмі дакладную прывязку у сыстэме каардынатаў. На першым этапе мы плянуем праінвэнтарызаваць аб’екты на гэтак званай Крыжовай дарозе і Галгофе, каб аднесьці гэтыя дакумэнты ў Мінкульт на ўзгадненьне», — распавёў Антон Астаповіч.
Пры гэтым суразмоўца не выключае, што ў Мінкульце адмовяцца ўзгадняць крыжы ды іншыя аб’екты ў Курапатах.
«Закон ім гэта дазваляе, але нам трэба спадзявацца на лепшае і рабіць сваю справу», — кажа кіраўнік Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Працы па інвентарызацыі Курапатаў плянавалася пачаць 24 верасьня, але праз моцны дождж іх давялося перанесьці, «бо апаратура ў моцны дождж можа спапсавацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах працуюць газавікі, яны заяўляюць, што мэмарыялу не пагражаюцьУ аўторак раніцай у Курапаты з GPS-трэкерам, фотаапаратам ды іншымі прыладамі зьбіраюцца прыйсьці актвісты Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры на чале зь Юрыем Меляшкевічам.
«Усёй працы ў Курапатах ня меней як на год, бо там усталяваныя тысячы крыжоў. Заўтра плянуем закончыць замеры на асноўных пляцоўках — на Галгофе і на Крыжовай дарозе, — сказаў Юры Меляшкевіч. — Яшчэ два-тры дні пойдзе на падрыхтоўку дакумэнтаў у Мінкульт. Такім чынам, у канцы тыдня плянуем падаць „Заяўку на ўзгадненьне элемэнтаў добраўпарадкаваньня і мэмарыялізацыі помніка ахвярам рэпрэсіяў Курапаты“».
Паводле Антона Астаповіча, яны ўжо атрымалі згоду на працы па інвэнтарызацыі крыжоў у Курапатах ад кіраўніка грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты Алеся Чахольскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцы Курапатаў заклікалі прэм’ера Румаса закрыць рэстарацыю «Поедем поедим»