«Бязьвізавыя» турысты ў Беларусі не прывялі да росту злачыннасьці

Беларуска-польская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Правапарушэньні «ў любым выпадку ёсьць» з боку «бязьвізавых» турыстаў, але колькасьць парушэньняў нязначная. З расейскіх калег беларускія праваахоўнікі стараюцца «зьняць заклапочанасьць» у гэтым пытаньні.

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Аляксей Бягун расказаў у перадачы «Контуры» на дзяржаўным тэлеканале АНТ пра паводзіны ў Беларусі «бязьвізавых» турыстаў — тых, якія прыбываюць праз нацыянальны аэрапорт і маюць 30 дзён бязьвізавага знаходжаньня па ўсёй краіне, і тых, якія маюць «лякальныя бязьвізы» ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях.

Паводле Бегуна, больш за 200 тысячаў іншаземцаў пабывалі ў Беларусі па «бязьвізе». Лібэралізацыя візавага рэжыму, адзначыў ён, не пацягнула за сабой рост злачыннасьці, хоць правапарушэньні «ў любым выпадку ёсьць».

У канцы ліпеня Бягун паведамляў, што за паўтара года «бязьвізам» скарысталіся 140 тысяч іншаземцаў — і толькі два зь іх прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці. Усяго на той момант 1400 «бязьвізавых» турыстаў парушылі беларускія законы (найчасьцей гэта дробнае хуліганства або парушэньне правілаў расьпіваньня алькаголю).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя». Лабадзенка раіць, што паказаць замежніку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Эўразьвяз амаль дамовіліся аб спрашчэньні візавага рэжыму

Бягун таксама папракнуў Эўропу ў тым, што там «праблемы нелегальнай міграцыі практычна не вырашаюцца», а нелегальна праехаць у Эўразьвяз празь Беларусь спрабуе шмат людзей. Беларускім праваахоўнікам, кажа ён, даводзіцца прыкладаць «вельмі вялікія высілкі» для выяўленьня нелегальных мігрантаў і каналаў нелегальнай міграцыі.

Беларускія праваахоўнікі, дадаў Бягун, супрацоўнічаюць з расейскімі, каб «зьняць у іх заклапочанасьць з нагоды магчымасьці пранікненьня гэтай катэгорыі асобаў у Расейскую Фэдэрацыю» і «маніторыць асабістыя зьвесткі» тых асобаў, якія перасякаюць мяжу.

Пытаньне перасячэньня іншаземцамі беларуска-расейскай мяжы абмяркоўвалася ў тым ліку на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным 21 верасьня, бо для грамадзянаў трэціх краінаў «узьнікаюць цяжкасьці» — Лукашэнка паабяцаў, што ў пытаньні будуць разьбірацца, «разуменьне ў гэтым ёсьць», бо гэта «ў інтарэсах і Расеі, і Беларусі».