Нацыянальны банк Украіны паўторна адмовіў беларускаму «Парытэтбанку» ў куплі 100% статутнага капіталу ўкраінскага «Сбербанку». Раней абодва гэтыя банкі хацеў купіць бізнэсовец Віктар Пракапеня.
Як сьцьвярджаецца на сайце Нацбанку Ўкраіны, беларускі бок «не падаў дастатковых дакумэнтаў і інфармацыі для пацьверджаньня адпаведнасьці заяўніка патрабаваньням заканадаўства Ўкраіны».
Якіх менавіта дакумэнтаў бракуе і ў чым можа быць неадпаведнасьць, не ўдакладняецца. Але на сайце асобна адзначаецца, што мажарытарны ўладальнік «Парытэтбанку» — Дзяржаўны камітэт маёмасьці Беларусі (валодае 99,83% акцыяў).
Як адзначае БелаПАН, украінскі «Сбербанк» — гэта на 100% даччыная кампанія расейскага «Сбербанку» і шосты па велічыні банк Украіны. Але ў выніку санкцыяў, уведзеных у сакавіку 2017 году, «дочкам» расейскіх банкаў ва Ўкраіне забаронена выводзіць капіталы за межы Ўкраіны на карысьць зьвязаных з гэтымі банкамі асобаў.
Беларускі ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня зьбіраўся купіць і «Парытэтбанк», і празь яго ўкраінскі «Сбербанк». Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2017 году ўхваліў набыцьцё Пракапенем «Парытэтбанку», але ўжо ў жніўні бізнэсовец перадумаў. Сам «Парытэтбанк» у сьнежні 2017 году паспрабаваў купіць украінскі «Сбербанк», накіраваў адпаведны пакет дакумэнтаў у Нацбанк Украіны — і атрымаў адмову ў сакавіку 2018-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зноў хоча купіць «Сбербанк» ва Ўкраіне. Чаму экспэрты скептычныя