Бацькі вучняў пінскай СШ № 10 Дзяніса Жука і Міхаіла Ціханчука напісалі кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку, каб той узяў сытуацыю пад кантроль. Яны хочуць, каб дырэктар СШ № 18 Фёдар Радзівон не пазьбег пакараньня.
Бацькі вінавацяць дырэктара школы Фёдара Радзівона, што той 11 верасьня зьбіў іхных дзяцей, якія каталіся на скейтах на пляцоўцы каля ўваходу ў 18-ю школу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён іх з жорсткасьцю ўдвох зьбівае галовамі». Маці школьніка распавяла, што ўбачыла на відэа«Мы просім прэзыдэнта, каб гэтая сытуацыя завяршылася справядлівым рашэньнем. Праверка па справе яшчэ не завершаная. Па яе выніках будзе вынесена рашэньне, і, як я мяркую, будзе ўзбуджаная справа. Тут, аказваецца, у дырэктара ўсюды сваякі, сябры. Таму мы вельмі спадзяёмся на дапамогу прэзыдэнта і што дзякуючы яму мы даб’ёмся справядлівасьці. Ня можа чалавек, які пабіў дзяцей, займаць пасаду дырэктара», — сказала карэспандэнту Свабоды маці пяціклясьніка Мішы Кацярына Ціханчук.
Кацярына распавяла, што бачыла відэазапіс са школьных камэраў вонкавага назіраньня, працягласьцю каля 15 сэкундаў.
«На ім відаць, што дзеці не мацюкаліся, — кажа яна. — Дырэктар проста выбег, ніякай размовы не было наагул. Ён выбег, схапіў іх, жорстка ўдарыў з усёй сілы і аднаго за шыю, другога за вуха пацягнуў дзяцей у школу. Відэа каляровае, відаць, як кроў у дзіцяці цячэ па твары. Нават начальнік інспэкцыі па справах непаўналетніх сказаў нам, што гэта не выпадковае сутыкненьне.
Тое, што дзеці нібыта каталіся там цягам тыдня, як дырэктар кажа, гэта ня так. Перад гэтым здарэньнем маё дзіця толькі ў панядзелак было выпісана з бальніцы, дзе лекавалася цягам тыдня. А ў жніўні мы былі ў санаторыі. Таму няхай міліцыя разьбіраецца адносна хлусьні дырэктара. А ён спрабуе выкруціцца любымі спосабамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцейФёдар Радзівон выпісаўся зь лякарні і выходзіць на працу
Дырэктар школы Фёдар Радзівон выпісаўся зь лякарні, куды трапіў з гіпэртанічным крызам. Заўтра выходзіць на працу.
«Гэтая гісторыя пакуль нічым ня скончылася, кампэтэнтныя органы будуць праводзіць расьсьледаваньне і вынесуць рашэньне, — сказаў карэспандэнту Свабоды Фёдар Радзівон. — Таксама праводзіцца службовая праверка ў школе. Я пакуль дырэктар школы і выходжу на працу.
Спадзяюся, што разьбяруцца, хто вінаваты, а хто не. Пакуль быў у лякарні, школа не забылася пра дырэктара, завальвала кветкамі і падарункамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вусы падтрымкі». У абарону дырэктара пінскай школы, якога вінавацяць у зьбіваньні дзяцей, запусьцілі флэшмобПаводле дырэктара, ніхто не хацеў сутыкаць дзяцей, а тое, што бачна на відэа, гэта працяг канфлікту, які быў напярэдадні:
«Там жа па сэкундах бачныя мае дзеяньні. Ну, неакуратна ўзяў дзяцей, што яны сутыкнуліся. Я гэтага, канечне, не хацеў. Я нават маці Дзяніса Жука сказаў, што шкадую, што так адбылося».
У Пінскім гарадзкім аддзеле міліцыі праз тэлефон не паведамілі, ці скончыўся разбор і ці пачатая справа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спрашчалі выхаваньне». У Чавусах судзяць кіраўнікоў спэцвучэльні за зьбіваньне непаўналетніх