Лёндан вырашыў стварыць кібэрвойскі для процідзеяньня «пагрозе Расеі»

Ілюстрацыйнае фота

Вялікая Брытанія мае намер стварыць «наступальныя кібэрвойскі» для процідзеяньня расейскай пагрозе. Пра гэта ў пятніцу, 21 верасьня, паведаміў тэлеканал Sky News. Новы від войскаў зьявіцца з ініцыятывы брытанскага Міністэрства абароны і Цэнтру ўрадавай сувязі. Кібэрвойскі будуць налічваць да 2 тысяч чалавек.

Паводле суразмоўцаў тэлеканалу, на фінансаваньне новага падразьдзяленьня будзе выдзелена звыш 250 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

Былы кіраўнік камандаваньня Аб’яднаных сілаў Вялікай Брытаніі генэрал Рычард Баранс лічыць, што ўзмацненьне кібэрвойскаў — пытаньне першараднай важнасьці для краіны ў цяперашніх умовах. Засяроджанасьць на наступальных апэрацыях дазволіць забясьпечыць «новыя спосабы стрымліваньня і пакараньня дзяржаў, якія жадаюць прычыніць шкоду» Вялікай Брытаніі, адзначыў Баранс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом прадставіў новую стратэгію барацьбы з кібэрзлачыннасьцю

Напярэдадні новую нацыянальную стратэгію кібэрбясьпекі апублікавалі ЗША. Яна прадугледжвае больш актыўныя, чым раней, дзеяньні ў адказ на кібэратакі. Як заявіў дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, новая стратэгія «разьвязвае рукі» ў тым ліку для правядзеньня «наступальных» апэрацый у адказ на кібэратакі — а ня толькі для пасіўнай абароны ад кібэрпагроз.

Улады Вялікай Брытаніі ня раз вінавацілі Расею ў распаўсюдзе дэзынфармацыі, умяшаньні ў выбары ў іншых краінах і спробах падарваць эўрапейскія дэмакратычныя рэжымы. У Злучаных Штатах вядзецца расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў выбары 2016 году. Масква абвяргае датычнасьць расейскіх уладаў да кібэратак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лёндане лічаць, што Масква спрабуе падарваць дэмакратыю ў заходніх краінах