20 верасьня, у дзень народзінаў Натальлі Арсеньневай, абвешчаны пераможца паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай. Ім стаў Алесь Разанаў за кнігу «Перавыданае».
Інтрыга захоўвалася да апошняга — у шорт-лісьце сёлета было 9 паэтычных кніг.
Сябры журы
- паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч,
- літаратуразнаўца і пісьменьніца Вольга Іпатава,
- паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў,
- паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч,
- паэтка Наста Кудасава.
Вядоўца, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, пачаў імпрэзу зь верша «Лебядзіная песьня» Натальлі Арсеньневай, якой 20 верасьня споўнілася б 115 гадоў.
«Сёлета ў шорт-лісьце прэміі апынуліся 9 творцаў, хоць спачатку было 8. Але на імпрэзе будуць гучаць вершы 10 паэтаў — яшчэ кіраўніка агенцыі БелаПАН, выбітнага паэта Алеся Ліпая, які нядаўна пайшоў з жыцьця», — сказаў Андрэй Хадановіч.
Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Алеся Ліпая госьці імпрэзы.
Вершы Алеся Ліпая чыталі Андрэй Хадановіч і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.
«Натальля Арсеньнева жыла Беларусьсю, яна жыла ідэаламі Беларускай Народнай Рэспублікі», — сказаў літаратар Валер Герасімаў.
Уладзімер Арлоў узгадаў сваю сустрэчу з Натальляй Арсеньневай у ЗША летам 1995 году.
«Я хваляваўся, ехаў да жывой легенды. Але пасьля першых хвілін сустрэчы хваляваньні разьвеяліся. На сядзібе ў яе расьлі баравікі і валошкі. І хоць пачыналі мы са стэйкаў, на дэсэрт Натальля з унучкай прыгатавала налісьнікі... На разьвітаньне яна падаравала мне свой важкі том „Выбранага“. І доўгай дарогай назад чытаў гэтую кнігу і адразу закахаўся ў яе верш „Сьнежань“, напісаны ў выгнаньні ў 1945 годзе ў Нямеччыне. Я веру, што яе верш „Магутны Божа“ стане калі-небудзь гімнам незалежнай Беларусі», — апавёў Уладзімер Арлоў. І прачытаў верш Арсеньневай «Сьнежань».
Сябра журы Наста Кудасава расказала, што ў кожнага быў свой фаварыт. У яе асабіста вершы Валянціны Аксак выклікаюць сьлёзы, прызналася паэтка. А чытаньне чужых кніг натхняе на свае вершы, дадала яна. І прачытала свой верш «Енк падзякі».
Паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў адзначыў, што для яго, расейскамоўнага паэта, было вельмі дзіўна і нечакана атрымаць запрашэньне стаць сябрам журы прэміі імя Натальлі Арсеньневай, але ён вельмі шчасьлівы, што лета правёў з такімі цудоўнымі паэтамі. Дзьмітры прызнаўся, што ягоная васьмёрка лепшых амаль цалкам супала з шорт-лістом, і сказаў шчырыя, пранікнёныя словы пра кожнага паэта.
Такім чынам, паводле вызначэньня фундатараў і журы, "найлепшай паэтычнай кнігай 2017 года названая “Перавыбранае” Алеся Разанава як сума мастацкіх адкрыцьцяў у разнастайных наватарскіх жанрах, якія, пашыраючы інтэлектуальныя далягляды беларускай культуры, зьмянілі і працягваюць мяняць аблічча сучаснай паэзіі".
«Творцы не спаборнічаюць паміж сабой. Творцы асягаюць далечыню. У кожнага творцы — свой адметны шлях», — прамовіў Алесь Разанаў, атрымліваючы ганаровую прэмію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Разанаў: Так пісаць, як пісалі папярэднікі, клясыкі, — не атрымаеццаСёлета ў шорт-лісьце прэміі імя Натальлі Арсеньневай было 9 паэтычных кніг:
- Алесь Разанаў. «Перавыбранае». Выдавецтва Зьмітра Коласа, Менск.
- Антон Францішак Брыль. «Цмачанка». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
- Вальжына Морт. «Эпідэмія ружаў». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня.
- Валянціна Аксак. «Завінены рай». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
- Вольга Гапеева. «Граматыка сьнегу». Выдавецтва «Галіяфы», Менск.
- Ігар Кулікоў. «Валадар загадак». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.
- Іна Снарская. «Вогнепаклоньніца». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
- Міхаіл Рубін. «Пераклад зь іншага». «Издательские решения» па ліцэнзіі Ridero.
- Усевалад Сьцебурака. «Сны дарог». Выдавецтва «Мэдысонт», Менск.
Прэмія была заснаваная ў 2017 годзе Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і згуртаваньнем «Бацькаўшчына» пры спрыяньні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонду Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі.
Першым ляўрэатам прэміі імя Натальлі Арсеньневай летась стаў Уладзімер Някляеў за кнігу «Толькі вершы».