Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Разанаў: Так пісаць, як пісалі папярэднікі, клясыкі, — не атрымаецца


У сталічнай «Акадэмкнізе» прайшла прэзэнтацыя кнігі Алеся Разанава «Перавыбранае», якая выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа да 70-годзьдзя паэта, і аўтограф-сэсія аўтара.

Кніга складаецца з чаторых разьдзелаў: клясычных вершаў, якія Разанаў пачаў пісаць яшчэ ў школе; пункціраў — кароткіх вершаў; вэрсэтаў — нaпicaных пpoзaю нeвялiкiх лipычных твopаў; квантэмаў — немагчымых вершаў.

Паэт-наватар, авангардыст, рэфарматар паэтычнае мовы, майстар і вынаходнік такіх жанраў, як пункцір, вэрсэт, квантэма, зном, Алесь Разанаў патлумачыў, чым словы адрозьніваюцца ад зьместу:

«Словы для ўсіх агульныя, мы ўсе карыстаемся аднымі і тымі ж словамі — яны ў слоўніку. А зьмест — гэта тое, што надае жыцьцё, надае твар, надае характар. І зьмест, які быў 100 гадоў таму і цяпер, — зусім іншыя рэчы. І таму так пісаць, як пісалі папярэднікі, клясыкі, — не атрымаецца»

Ганна Кісьліцына: «Як толькі Разанаў выдае новую кнігу, думаю: як добра мець добры густ!»

​А доктар філялягічных навук Ганна Кісьліцына, якая была ўкладальніцай «Перавыбранага», сваю першую кнігу «Алесь Разанаў: праблема мастацкай сьвядомасьці» напісала ў 1993 годзе. Калі яна прыйшла ў асьпірантуру і заявіла, што будзе пісаць пра Разанава, ёй сказалі: «Дзевачка, кіньце, ну што такое Алесь Разанаў? Гэта ўсяго толькі пяць тоненькіх кніжак». Пасьля гэтага Ганна кандыдацкую дысэртацыю прысьвяціла менавіта Разанаву.

«З той пары, як толькі Алесь Сьцяпанавіч выдае новую кнігу, думаю: як добра мець добры густ! Ты пішаш пра чалавека, які пры жыцьці становіцца клясыкам».

Зьміцер Колас: «Паэзія Алеся Разанава на той мове, якую яшчэ трэба перакладаць»

Літаратар, перакладнік, сябра рэдкалегіі сэрыі «Паэты плянэты» Лявон Баршчэўскі прызнаўся, што кніжку «Перавыбранае» было вельмі складана рабіць.

«Ёсьць паэты гермэтычныя, для вузкага кола. А ёсьць тыя, у якіх адкрываць нешта незвычайнае могуць усе людзі. Такіх паэтаў мала. Ганна два разы згадала слова „клясык“, і гэта невыпадкова».

Выдавец Зьміцер Колас распавёў пра сэрыю «Паэты плянэты», у якой выйшла ўжо больш за 30 кніг, сярод якіх у асноўным пераклады. Але ў ёй некалькі беларускіх паэтаў: Рыгор Барадулін, Юлі Таўбін, Алесь Разанаў.

«Але паэзія Алеся Разанава на той мове, якую яшчэ трэба перакладаць, асабліва калі мы кажам пра „Квантэмы“, якія мы ня думалі ўкладаць у „Перавыбранае“, а потым уклалі. Вы чытаеце нібыта словы, а за гэтымі словамі ёсьць тое, што не зьвязана непасрэдна зь іх сэмантыкай. Бо гэта і гук, там ёсьць і пах, там ёсьць і колер, і нават смак», — кажа Зьміцер Колас.

Анатоль Бутэвіч: «Алесь Разанаў — гэта сёньняшні Максім Багдановіч»

​Аднакурсьнік Разанава пісьменьнік Анатоль Бутэвіч распавёў, на якіх «зорным» курсе яны вучыліся: Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Генадзь Пашкоў, Віктар Ярац, Яўген Хвалей, Тацяна Шамякіна, Тацяна Панчанка. І дагэтуль «паролем» курсу зьяўляецца «Трэці беларускі». Бо на трэцім курсе Алесь Разанаў загітаваў студэнтаў змагацца за тое, каб унівэрсытэт стаў беларускім, выкладаньне вялося на беларускай мове.

Разам зь сябрамі Віктарам Ярцам і Львом Барташам яны склалі ліст у ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава. Пад лістом падпісаліся некалькі сотняў чалавек.

«Але гэта ня стала лёсавызначальным у беларускай мове — для таго ўнівэрсытэту. Гэта стала пэўным пакараньнем Алеся Разанава, Віктара Ярца і Льва Барташа», — сказаў Анатоль Бутэвіч. Лідэраў пратэсту выгналі з БДУ.

Алесь Разанаў у пэўным сэнсе — гэта сёньняшні Максім Багдановіч, які некалі ўвёў паэтычныя формы, якіх не было ў беларускай паэзіі, лічыць Бутэвіч.

«Тое ж самае зрабіў Разанаў, увёўшы ў беларускую паэзію пункціры, вэрсэты, квантэмы. Для мяне асабіста — гэта насычэньне слова зьместам, калі ў адным слове — палова раману Чыгрынава ці Сачанкі. Разанаў у трох-чатырох словах выказвае цэлы абсяг!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG