Эўразьвяз, NATO, Данбас і Расея. Што сказаў Парашэнка ў апошнім перад выбарамі звароце да парлямэнту

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас апошняга ў часе сваёй кадэнцыі выступу з пасланьнем да ўкраінскага парлямэнту пацьвердзіў асноўныя прыярытэты ўнутранай і замежнай палітыкі краіны — стратэгічны курс на інтэграцыю ў Эўрапейскі Зьвяз і Паўночнаатлянтычную арганізацыю (NATO).

Адразу пасьля гэтага выступу Вярхоўная Рада Ўкраіны больш чым канстытуцыйнай большасьцю (321 голас) падтрымала ініцыяваны прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам законапраект аб замацаваньні ў Канстытуцыі адпаведнага стратэгічнага курсу краіны і накіравала яго ў Канстытуцыйны суд, які мае вынесьці канчатковае заключэньне.

У той жа час пра свой намер удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў наступным годзе 31 сакавіка, Пятро Парашэнка так і не абвясьціў.

Ня трэба хаваць галаву ў пясок — грамадзтва незадаволена

Пятро Парашэнка прызнаў, што яму не ўдалося выканаць шэраг абяцаньняў, якія ён даваў падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Найперш — не ўдалося завяршыць вайну на Данбасе, хутка правесьці рэформы, павялічыць дабрабыт грамадзян, наладзіць эфэктыўную працу антыкарупцыйных органаў і папярэдзіць масавую эміграцыю ўкраінцаў.

Паводле яго, такая сытуацыя пагражае рэваншам прарасейскіх сілаў, росквітам левага папулізму і праявамі правага радыкалізму.

«На фоне высокіх чаканьняў у грамадзтве сфармавалася пачуцьцё глыбокага незадаволеньня. Нават з тых, хто ўпэўнены, што краіна рухаецца наперад у правільным кірунку, нямала такіх, хто лічыць, што мы рухаемся зыгзагападобна», — сказаў Парашэнка.

І дадаў: «Толькі не хаваючы галаву ў пясок, толькі прызнаючы рэальныя праблемы, мы можам прапанаваць грамадзтву рэальны шлях іх пераадоленьня».

Пра аўтакратызм і аднаасобную ўладу

«Летась я адхіліў шматлікія прапановы канстытуцыйных зьменаў у палітычнай сыстэме. Лічу, што перад выбарамі такія манэўры не адпавядаюць эўрапейскай палітычнай культуры, якая вучыць нас гуляць па правілах, а ня з правіламі. Але, вядома, я зь цікавасьцю сачу за грамадзкай дыскусіяй. Катэгарычна непрымальнымі лічу тыя прапановы, якія прасоўваюць відавочна недэмакратычныя мадэлі. Нехта шчыра адвакатуе „асьвечаны аўтарытарызм“, а нехта — закамуфляваны пад яго „парлямэнтарызм канцлерскага тыпу“. Толькі калі ўчытацца ў зьмест, а не ў загаловак, там у канцлера паўнамоцтваў больш, чым у кайзэра, а ў „рэйхстага“ — па сутнасьці аднапартыйная сыстэма. Рэжым аднаасобнай улады ні да чога добрага Ўкраіну не прывёў, гэта ўрок, які трэба запомніць абсалютна ўсім».

«Захаваць дэмакратыю ва ўмовах зьнешняй агрэсіі было няпроста. Хоць ваеннае становішча значна ўзмацніла б паўнамоцтвы і магчымасьці прэзыдэнта. Я катэгарычна адхіліў прапановы яго абвясьціць. Нават ва ўмовах вайны мы не абмяжоўвалі палітычных правоў і свабод грамадзян, ня ўводзілі цэнзуру».

«Канстытуцыйныя магчымасьці прэзыдэнта, прадугледжаныя парлямэнцка-прэзыдэнцкай мадэльлю, ня надта карэлююць з той ступеньню адказнасьці, якую грамадзтва традыцыйна ўскладае на ўсенародна абранага кіраўніка дзяржавы. Але ні разу, нават у самыя цяжкія гады, калі краіну літаральна душыла пятля ўнутраных і зьнешніх праблем, прэзыдэнт не папрасіў аб павелічэньні паўнамоцтваў».

Пра ўкраінскую памесную царкву

Некалькі дэпутатаў, якія прадстаўляюць у парлямэнце Апазыцыйны блёк, дэманстратыўна пакінулі залю паседжаньня. Гэта адбылося на пачатку выступу, у той момант, калі Пятро Парашэнка пачаў распавядаць пра апошнія крокі дзеля стварэньня ва Ўкраіне адзінай памеснай царквы.

«Мы ня будзем пакланяцца чужым багам. І ва ўнутраныя справы царквы ня будзе ўмешвацца дзяржава, асабліва замежная. Чаму яны так б’юцца за гэта? Бо імпэрыя губляе адзін з апошніх рычагоў уплыву. Таму Томас — гэта фактычна яшчэ адзін Акт абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны», — сказаў Пятро Парашэнка.

У той жа час ён паабяцаў абараніць усіх сьвятароў і вернікаў праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, якія захочуць перайсьці ў Адзіную памесную праваслаўную царкву.

Пятая калёна Расеі падымае галаву

Пятро Парашэнка мяркуе, што інфармацыйная бясьпека напярэдадні дзьвюх выбарчых кампаній — прэзыдэнцкай і парлямэнцкай — патрабуе асаблівай увагі. Паводле яго, частка ўкраінскага інфармацыйнага поля гэтак жа акупаваная, як частка ўкраінскай тэрыторыі.

«Пятая калёна падымае галаву, спрабуе аб’яднаць розныя шарэнгі, карыстаючыся перавагамі дэмакратыі, актывізуецца ў інфармацыйнай прасторы. Наша задача надзвычай складаная — даць ім адпор, не парушаючы нормаў эўрапейскай дэмакратыі».

У такіх умовах Пятро Парашэнка лічыць мэтазгодным на заканадаўчым узроўні ўвесьці неабходнасьць рэгістрацыі агентаў уплыву Расеі.

«Ва Ўкраіне ўсё яшчэ дзейнічае сетка расейскай агентуры, якая бярэ пад кантроль СМІ, плодзіць „незалежныя“ грамадзкія арганізацыі. Яны сапраўды незалежныя, але ад Украіны, і падкантрольныя Крамлю, і разьдзімаюць антыўкраінскія, антыэўрапейскія і антыамэрыканскія настроі. Такім чынам, падтрымліваю ідэю законапраекту аб рэгістрацыі агентаў уплыву дзяржавы-агрэсара Расейскай Фэдэрацыі. Такі закон ніяк не паўплывае ні на грамадзянскую супольнасьць, ні на мас-мэдыя, ні на свабоду слова».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве беларускія байцы-добраахвотнікі прыкавалі сябе кайданкамі ля адміністрацыі Парашэнкі

Пра менскі працэс і мір на Данбасе

Пятро Парашэнка перакананы, што менавіта менскі перамоўны працэс дазволіў спыніць актыўную фазу расейскай агрэсіі і дамагчыся рэжыму санкцый у дачыненьні да Расеі. «І галоўнае — выйграць час для разьвіцьця арміі, для пераходу ад мабілізацыі да кантрактнага камплектаваньня франтавых падразьдзяленьняў».

Паводле яго, Украіна не выключае магчымага сілавога разьвіцьця сытуацыі на Данбасе, але свае высілкі дзеля разьвязаньня канфлікту канцэнтруе найперш на дыпляматычным фронце.

«Крэмль спрабуе пераканаць нашых хаўрусьнікаў, што Ўкраіна нібыта рыхтуе сілавы сцэнар вызваленьня Данбасу. Вядома, у нас павінна быць падобная опцыя, бо кожная армія павінна быць гатовая да любых сцэнараў. Ва Ўкраіне ёсьць права на самаабарону ў адпаведнасьці з артыкулам 51 Статуту ААН. І мы гэта асобна падкрэсьлілі ў нядаўна прынятым законе аб рэінтэграцыі Данбасу. Але наша стратэгія міру заключаецца ў яго дасягненьні палітыка-дыпляматычным шляхам, таму што менавіта такі варыянт аптымальны для Ўкраіны і адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам».

Пра дачыненьні з ЗША

«Мы вучымся зьнешнепалітычнаму прагматызму і знаходзім аптымальны для нас варыянт працягу гульні нават у самых складаных партыях. У прыватнасьці, такі падыход даў нам магчымасьць выбудаваць эфэктыўныя дачыненьні з новай амэрыканскай адміністрацыяй. Чаго толькі варта рашэньне прэзыдэнта ЗША даць Украіне абароннае сьмяротнае ўзбраеньне. І гэта толькі пачатак. Такое супрацоўніцтва будзе працягвацца. Сэнат ЗША ўхваліў праект бюджэту на 2019 год, які прадугледжвае 250 мільёнаў даляраў для дапамогі Ўкраіне ў сфэры бясьпекі. І гэта найлепшы доказ таго, што паміж Кіевам і Вашынгтонам існуе вельмі высокі ўзровень даверу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятро Парашэнка паабяцаў прыбраць базу Расеі з Крыму

Расея — пагроза сьвету

«Тактычная задача Крамля — зьняць санкцыі ў студзені наступнага году на падставе нібыта невыкананьня Ўкраінай менскіх дамоўленасьцяў — мяркую, што мы гэты сцэнар павінны разбурыць. Амаль перакананы, што скасаваньня (санкцый) мы не дапусьцім, аднак рызыка зьмякчэньня ёсьць».

«Нават цяпер — пасьля тысяч спрычыненых Расеяй ахвяраў на Данбасе, пасьля трагедыі MH17, пасьля Сырыі, пасьля Солсбэры — на Захадзе нямала ахвотных зазірнуць Пуціну ў душу, ці яшчэ ня ведаю куды. І мне цікава — а што вы хочаце там убачыць, спадары? Усё ж і так ва ўсіх навідавоку. Расея падтрымлівае права- і левапапулісцкія рухі, разьдзімае эўраскептыцызм, умешваецца ў выбары па ўсім сьвеце, умешваецца ў рэфэрэндумы, як гэта было ў Нідэрляндах. Такім чынам Крэмль прасоўвае свой альтэрнатыўны парадак дня, свае альтэрнатыўныя каштоўнасьці, спадзеючыся на тое, што Захаду ўсё больш складана будзе трымаць адзіную пазыцыю ў дачыненьні да Масквы».