На гэты дзень прызначаны разгляд апэляцыйнай скаргі Адама Бяляцкага і Мікіты Валадзько.
17 студзеня 2018 году раённы суд польскага Асьвенціма вынес рашэньне ў справе грамадзян Беларусі Адама Бяляцкага (сына вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага) і Мікіты Валадзько.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыя ў Асьвенціме: Адаму Бяляцкаму — 1 год 6 месяцаў зьняволеньня. ФОТА, ВІДЭААбодвух абвінавацілі ў зьнявазе месца памяці і дэманстратыўным забойстве жывёлы. Адам Бяляцкі атрымаў пакараньне ў выглядзе 1 году і 6 месяцаў зьняволеньня, Мікіта Валадзько — 1 году і 2 месяцаў. Акрамя гэтага, польскі суд забараніў абодвум беларусам мець свойскіх жывёлаў на працягу 10 гадоў, а на Адама Бяляцкага таксама наклаў штраф памерам 2000 злотых (каля 630 даляраў па курсе студзеня 2018 году. — РС). Яшчэ некалькі грамадзян Беларусі атрымалі абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год і штрафы памерам 10 тысяч злотых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжысэр, супрацоўнік музэю «Аўшвіц-Біркенаў» і судзьдзя камэнтуюць пэрформанс у АсьвенцімеАдам Бяляцкі і Мікіта Валадзько з прысудам не пагадзіліся і абскардзілі рашэньне раённага суду Асьвенціма ў акружным судзе Кракава. 2 кастрычніка там будзе прынятае рашэньне ў іхнай справе. Калі ранейшы прысуд не адменяць, беларусы трапяць за краты.
«Адвакатка сказала, што гэта зь верагоднасьцю на 95% апошняе паседжаньне ў нашай справе, — паведаміў Свабодзе Мікіта Валадзько. — Там альбо адменяць рашэньне ад студзеня 2017 году, альбо не. Нас могуць зьмясьціць за краты. Я мушу ехаць на паседжаньне, там неабходна прысутнічаць. Настрой так сабе. Трэба неяк, мне здаецца... Ды цяжка сказаць, што трэба. Калі рашэньне будзе на нашу карысьць, то я буду вельмі рады і ўдзячны. Калі не, то што рабіць».
Як расказаў Мікіта Валадзько Свабодзе, за ўдзел у пэрформансе на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу ў Асьвенціме яго пакараў ня толькі польскі суд. Некалькі месяцаў таму беларус даведаўся, што Акадэмія тэатральных мастацтваў імя Высьпяньскага ў Кракаве адмовілася аднаўляць яго ў якасьці студэнта. Асноўнай прычынай называлася скандальная акцыя з удзелам беларуса. Гэтае рашэньне адміністрацыі Акадэміі Валадзько цяпер спрабуе абскардзіць у судзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы нічога ня ведалі пра забойства ягняці». Удзельнік акцыі ў Асьвенціме кажа, што яго падманулі24 сакавіка 2017 году група разьдзетых дагала маладых людзей завесіла разьмешчаны на знакамітай браме былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру лёзунг «Arbeit Macht Frei» расьцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Двое ўдзельнікаў-беларусаў, сярод іх Мікіта Валадзько і Адам Бяляцкі, падчас акцыі зарэзалі ягня. Суд над удзельнікамі пэрфомансу, сярод якіх, акрамя Бяляцкага і Валадзько, былі яшчэ двое беларусаў, палякі і грамадзянін Нямеччыны, ішоў ад жніўня 2017 году да сярэдзіны студзеня 2018-га.