Праваабаронца Алена Масьлюкова атрымала позву ў Сьветлагорскі РАУС на 20 верасьня. Міліцыя чакае праваабаронцу «ў якасьці асобы, у дачыненьні якой вядзецца адміністрацыйны працэс». У дакумэнце пазначана, што Масьлюкова прыцягваецца да адказнасьці за несанкцыянаваны мітынг.
Гаворка ідзе пра флэшмоб супраць выкідаў з кітайскага заводу, які прайшоў у Сьветлагорску 15 верасьня. Каля 200 жыхароў Сьветлагорску сабраліся на цэнтральнай плошчы. Людзі былі ў мэдыцынскіх масках, трымалі ў руках зялёныя паветраныя шары. Такім чынам яны выказвалі сваё абурэньне смуродам і шкоднымі выкідамі, якімі «ўзнагародзіў» горад новы завод беленай цэлюлёзы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арыштуй нас! Усё роўна, дзе паміраць». Флэшмоб супраць «сьмярдзючага» заводу ў СьветлагорскуПаміж жыхарамі райцэнтру хадзіў міліцыянт Яўген Бяспалька і папярэджваў праз мэгафон, што «мерапрыемства несанкцыянаванае».
За флэшмобам назірала праваабаронца Алена Масьлюкова. Яна прыйшла да высновы, што гэтая акцыя ня мітынг, не пікет, бо транспарантаў і плякатаў не было, ніхто не выстаўляў ніякіх патрабаваньняў.
Цяпер жа міліцыя вырашыла, што ў арганізацыі ці ўдзеле ў флэшмобе можа быць вінаватая праваабаронца. Таксама позву ў сьветлагорскую міліцыю паводле артыкулу за несанкцыянаваны мітынг атрымаў грамадзкі актывіст Анатоль Зьмітровіч.
«Мы цяпер у выканкаме, падаём чарговую заяўку на мітынг у горадзе супраць заводу. Просім дазвол уладаў на масавае мерапрыемства на 29 верасьня, а таксама 6 і 7 кастрычніка», — сказала Свабодзе Алена Масьлюкова.
Яна дадала, што арганізатары флэшмобу вядомыя — гэта кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК і райвыканкаму. «Учора ў Сьветлагорску быў смурод, праўда, нямоцны; сёньня „пахамі“ накрыла Якімаву Слабаду», — зазначыла праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ім — валютная выручка, нам — смурод і страта здароўя». Улады Сьветлагорска пусьцілі на кітайскі завод грамадзкасьцьІніцыятыўная група маніторынгу сытуацыі з заводам падавала ў выканкам заяўку на мітынг на 15 верасьня. Але адзіную ў горадзе пляцоўку, вызначаную для мітынгаў і пікетаў (стадыён «Бумажник») у прызначаны дзень акупаваў БРСМ. Там праходзіла сьвята «Валадар сяла». Тады жыхары райцэнтру дамовіліся праз сацыяльныя сеткі правесьці флэшмоб.
Ранкам 15 верасьня ў пракуратуру выклікалі праваабаронцу Алену Масьлюкову і актывіста Анатоля Зьмітровіча. Пракурор раёну афіцыйна папярэдзіў іх пра адказнасьць за ўдзел ці арганізацыю несанкцыянаваных мерапрыемстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тут горача. Як беларусы пратэстуюць супраць забудоваўШто важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).