І прыбяруць подпіс Пракаповіча. Справа ў тым, што купюры, уведзеныя ў абарачэньне ў 2016 годзе, друкаваліся дзесяць гадоў таму.
Нацыянальны банк Беларусі анансаваў зьмены ў дызайне беларускіх рублёў. Новыя купюры зьявяцца ў абарачэньні ў 2019–2020 гадах. Старыя купюры будуць пры гэтым заставацца законнымі сродкамі платы.
- На купюры ў 50 рублёў. На ёй слова «пяцьдзесят» замяняць на «пяцьдзясят» згодна зьменам у афіцыйным правапісе, прынятымі ў 2008 годзе (набылі сілу ў 2010-м).
- «Выявы архітэктурных пабудоваў на пярэднім баку купюраў будуць прыведзеныя ў адпаведнасьць з актуальным вонкавым выглядам», піша Нацбанк. Якія менавіта карцінкі будуць выпраўленыя, не ўдакладняецца — напрыклад, на 500 рублях могуць намаляваць новы жылы раён за Нацыянальнай бібліятэкай, а могуць і не намаляваць.
- Дададуцца подпісы аб’ектаў, намаляваных на купюрах.
- Будзе «аптымізаваны ахоўны комплекс» купюраў: выкарыстаюць па максымуме сродкі для таго, каб грамадзяне маглі лёгка адрозьніць сапраўдныя купюры ад фальшывых, піша Нацбанк.
- Подпіс старшыні праўленьня Нацбанку будзе прыбраны — на цяперашніх купюрах стаіць подпіс Пятра Пракаповіча, які пакінуў пасаду ў 2011 годзе.
Дэнамінацыя ў Беларусі была праведзеная 1 ліпеня 2016 году, колішнія 10 000 рублёў сталі 1 рублём, код валюты зьмяніўся з BYR на BYN, а купюры зрабіліся, паводле Аляксандра Лукашэнкі, «прыгожымі, да эўра падобнымі» (праўда, яны спадабаліся ня ўсім).
Ад самага анонсу было вядома, што дэнамінацыю плянавалі правесьці ў 2009 годзе — менавіта такая дата стаіць на цяперашніх купюрах. Ды ў той час ад дэнамінацыі адмовіліся праз высокую інфляцыю, з 2009 году па ліпень 2016-га стаў у 10 разоў таньнейшым да даляра.
Праз дэнамінацыю беларускія заробкі вярнуліся да лічбаў 1991 году. Без усіх дэнамінацыяў даляр каштаваў бы сёньня 2 122 600 000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYN: ня талеры, затое з манэтамі. 13 плюсаў і мінусаў дэнамінацыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Боны, талеры, пракапейкі: беларускія грошы, якіх не было і ня будзе