Партал Tuzinfm.by анансаваў працяг праекту памяці беларускіх творцаў, рэпрэсаваных у 1930-х гадах. 11 лекцыяў пройдуць у менскай кнігарні «Логвінаў», што на праспэкце Незалежнасьці, 37а, а таксама ў пяці абласных цэнтрах Беларусі.
У першай лекцыі цыклю, якая пройдзе ў Менску 2 кастрычніка, Віктар Жыбуль раскажа пра Сяргея Астрэйку.
Пасьля заплянаваныя лекцыі пра Вацлава Ластоўскага, Сяргея Мурзо, Цішку Гартнага, Сяргея Фаміна, Васіля Шашалевіча (усе ў Менску), Майсея Кульбака (у Горадні), Юрку Лявоннага (у Магілёве), Міхася Зарэцкага (у Віцебску), Уладзіслава Галубка (у Берасьці) і Алеся Дудара (у Гомлі).
Паралельна з арганізацыяй лекцыяў вядзецца збор грошай на кнігу «(Не)расстраляныя», у якой абяцаюць расказаць пра лёс 18 творцаў, апублікаваць іхныя выбраныя творы, а таксама дакумэнты і фота — некаторыя зьвесткі будуць апублікаваныя ўпершыню.
Да кнігі плянуюць музычны дадатак на дыску. За 60 дзён на кнігу трэба сабраць 22 тысячы рублёў, адзін асобнік можна замовіць за 30 рублёў.
Раней у межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» быў запісаны аднайменны музычны альбом зь песьнямі сучасных беларускіх выканаўцаў на вершы рэпрэсаваных паэтаў, былі праведзеныя 12 адкрытых лекцыяў пра творцаў, а таксама былі выдадзеныя 12 «маўклівых кнігаў» — нататнікаў з цытатамі паэтаў і цытатамі з іхных твораў.
Таксама на Facebook былі створаныя публічныя старонкі 12 рэпрэсаваных паэтаў з іхнымі творамі, здымкамі і ўспамінамі.