Менскі гарадзкі суд разгледзеў апэляцыйныя скаргі адвакатаў і абвінавачанага бізнэсоўца і інвэстара «Мотавела» Аляксандра Мураўёва на другі прысуд (тры гады пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), паведамляе Tut.by.
Прысуд суду Ленінскага раёну па другой справе ў дачыненьні Аляксандра Мураўёва пакінуты ў сіле, ягоная апэляцыйная скарга — без задавальненьня.
Аляксандар Мураўёў указваў, што прысуд у дачыненьні да яго незаконны і неабгрунтаваны. Ён ня мог зьяўляцца суб’ектам артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў), паколькі, згодна з рашэньнем пленуму Вярхоўнага суду, гэты артыкул прымяняецца да «асобаў, якія ажыцьцяўляюць фактычнае кіраўніцтва» кампаніяй. Ён жа быў затрыманы ў чэрвені 2015-га і ня мог кіраваць прадпрыемствам і, адпаведна, ухіляцца ад выплаты падаткаў.
Паказаньні сьведкаў не на карысьць Мураўёва былі атрыманыя ад асобных супрацоўнікаў на стадыі папярэдняга сьледзтва, але ў судзе сьведкі іх не пацьвердзілі: заявілі, што рабілі прызнаньні ў стане стрэсу і падпісвалі пратакол, не чытаючы. Таму, сьцьвярджае Мураўёў, няма доказаў таго, што ён ажыцьцяўляў «фактычнае кіраўніцтва» чатырма беларускімі кампаніямі.
«Ніхто са сьведак у судзе не пацьвердзіў высновы сьледзтва: усе дапытаныя кіраўнікі беларускіх прадпрыемстваў і іх работнікі зазначалі, што менавіта дырэктары ажыцьцяўлялі фактычнае кіраўніцтва», — падкрэсьліў адвакат Мураўёва Ігар Кручкоў.
Кручкоў таксама адзначыў, што ў судзе першай інстанцыі не былі дапытаныя сьведкі, службовыя асобы «Мотавела» і даччыных прадпрыемстваў; не вывучаліся балянсы Atec Trading, якая, паводле вэрсіі абвінавачваньня, створаная ў 2008 годзе для ўхіленьня ад выплаты падаткаў у Беларусі.
У адказ пракурор Алена Крупеніна заявіла, што ўсе высновы і рашэньне суду абгрунтаваныя. Мураўёў «ажыцьцяўляў фактычнае кіраўніцтва прадпрыемствамі праз дырэктараў, не дасьведчаных аб характары сваёй дзейнасьці», а Atec Trading была кампаніяй-пасярэдніцай, выкарыстанай для ўхіленьня ад выплаты падаткаў.
Апэляцыйнае пасяджэньне праходзіла без удзелу Аляксандра Мураўёва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэкорднае апошняе слова Аляксандра Мураўёва: больш за 8 гадзін, 210 заўваг пракурору30 траўня 2018 году быў вынесены другі прысуд інвэстару «Мотавела» Аляксандру Мураўёву: за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры яго пакаралі 3 гадамі пазбаўленьня волі. Бізнэсоўца абвінавацілі паводле арт. 243 ч. 2. — ухіленьне ад выплаты падаткаў па чатырох прадпрыемствах (ЗАТ «Мотавела Інтэр», СЗАТ «Веласіпедная кампанія МВЗ», СЗАТ «Матацыклетная кампанія Мінск-Мота», ЗАТ «МВЗ Тэхна») і іх пагадненьнях з аўстрыйскай кампаніяй ATEC.
У студзені 2017-га Мураўёў ужо быў прызнаны вінаватым паводле артыкулаў «Махлярства» (ч. 4 арт. 209 КК), «Крадзеж» (ч. 4 арт. 210), «Ухіленьне ад выплаты падаткаў» (ч. 2 арт. 243), «Арганізацыя і спрыяньне ва ўчыненьні злачынстваў» (арт. 16) і пакараны 11 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому ўладальніку «Мотавела» прысудзілі 11 гадоў пазбаўленьня воліПа сукупнасьці злачынстваў яму канчаткова прызначана пакараньне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Бізнэсовец сваёй віны не прызнаў, а ў апошнім слове, якое доўжылася больш за 8 гадзін, расказаў пра зьбіваньне падчас сьледзтва, пагрозы, прымус «плаціць грошы» і спробы забраць у яго маёмасьць. Ён параўнаў падзеі вакол «Мотавела» з «рэйдэрскім захопам».
Разам з Мураўёвым атрымалі прысуды былы гендырэктар «Мотавела» Казімір Мароз (5 гадоў абмежаваньня волі з канфіскацыяй маёмасьці) і ягоная намесьніца Тацяна Лукавец (1 год пазбаўленьня волі, але пакараньне зь яе зьнялі з прычыны даўнасьці часу).
Да арышту ў 2015 годзе Аляксандар Мураўёў пасьпеў перазапусьціць на «Мотавела» вытворчасьць ровараў пад брэндам «Аист» і дамагчыся, што прадпрыемства пачало працаваць зь невялікім прыбыткам. Але пасьля ягонага арышту ў 2017 годзе «Мотавела» ўжо мела вялікія даўгі перад сямю банкамі, апошнія 2 гады прадпрыемства працавала са стратамі па 2-3 мільёны даляраў.
У чэрвені 2017-га гендырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька падпісаў заяву ў эканамічны суд Менску аб прызнаньні заводу банкрутам, а сёлета ў красавіку на паседжаньні Эканамічнага суду Менску прынята рашэньне аб банкруцтве адкрытага акцыянэрнага таварыства «Мотавела» з далейшай яго ліквідацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічны суд Менску абвясьціў «Мотавела» банкрутам з далейшай ліквідацыяй