18 верасьня кіраўнік дзяржавы зрабіў кадравыя зьмены ў дыпляматычным корпусе. Амбасадарам у Латвію ён прызначыў Васіля Марковіча, а ў Фінляндыю — Аляксея Самасуева.
Латвія як сродак утрыманьня Літвы
Новы амбасадар у Латвіі Васіль Марковіч пасьля свайго прызначэньня сказаў, што ягоная праца — гэта найперш «праца ў партах, трубаправодах, у сфэры IT». «Прэзыдэнт сказаў, што дачыненьні з Латвіяй — гэта вуліца з двухбаковым рухам», — патлумачыў ён.
На долю Марковіча прыпадае і падрыхтоўка афіцыйнага візыту Лукашэнкі ў Латвію. Дыплямат адзначыў, што «стаіць задача зрабіць візыт сур’ёзным і напоўненым».
Пра візыт кіраўніка Беларусі ў Рыгу стала вядома яшчэ паўгода таму. Рыхтуе яго асабіста міністар замежных спраў Уладзімер Макей, у якога склаліся асабістыя прыязныя дачыненьні з латвійскім калегам Эдгарсам Рынкевічсам.
Беларусь спрабуе згуляць на экспарце сваіх тавараў, найперш калійных угнаеньняў. Яна паказвае, што мае выбар: той жа калій можна накіроўваць або праз латвійскія, або празь літоўскія парты. А паколькі афіцыйная Вільня нашмат крытычней ставіцца да палітыкі Беларусі параўнальна з Рыгай, то і выбар робіцца на карысьць Латвіі. І гэты падыход Васілю Марковічу трэба будзе толькі замацаваць.
Падобна, што яму гэта зрабіць будзе нескладана. У Васіля Марковіча ўжо ёсьць досьвед працы ў Латвіі — 4 гады ён ачольваў Генэральнае консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе. Менавіта тады спадар Марковіч спрычыніўся да адкрыцьця Цэнтру беларускай культуры.
Перад прызначэньнем амбасадарам Марковіч ачольваў упраўленьне кадраў МЗС.
Васіль Марковіч заменіць у Рызе амбасадарку Марыю Даўгаполаву. Былая камсамольская актывістка працавала тут амаль 5 гадоў.
Павучыцца ў фінаў
Аляксей Самасуеў, камэнтуючы сваё прызначэньне, сказаў, што «праца амбасады будзе скіраваная на раскрыцьцё патэнцыялу, найперш у эканоміцы».
Дыплямат казаў пра супрацу ў галіне дрэваапрацоўкі, а таксама пра беларускую цікавасьць да фінскага досьведу ў экалёгіі і праваахоўнай дзейнасьці. А галоўным для новага кіраўніка дыпмісіі будзе прыцягненьне фінскіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку.
Гэта прызнае і кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён казаў новаму амбасадару, што трэба працаваць «на палітычнае збліжэньне». Але галоўнае, каб быў вынік у эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «бліжэйшым часам» чацьвёрты раз наведае КубуЛукашэнка запытаў Уладзімера Макея, ці справіцца новы кіраўнік дыпмісіі ў Фінляндыі з задачамі, які яму паставілі. Міністар запэўніў: разьвіцьцё дачыненьняў зь Фінляндыяй будзе палепшанае.
Перад прызначэньнем у Хэльсынкі спадар Самасуеў займаў пасаду кіраўніка ўпраўленьня эўразійскай інтэграцыі МЗС Беларусі. А ў Фінляндыі ён заменіць Аляксандра Астроўскага, дыплямаванага журналіста.