Законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга накіравалі ў міністэрствы культуры, унутраных спраў і юстыцыі

«Сьвята Незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году, ілюстрацыйнае фота

Сьцяг прапануюць прызнаць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, дазволіць яго вольнае выкарыстаньне ў Беларусі, у тым ліку дзяржаўнымі ўстановамі, абараніць ад неправамерных перашкод у выкарыстаньні.

Дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая, а таксама сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова 18 верасьня накіравалі ў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства юстыцыі законапраект «Аб выкарыстаньні і ахове першага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь». 12 верасьня законапраект накіравалі ў Міністэрства культуры.

Як расказала Свабодзе Вольга Кавалькова, гэта практычна той жа тэкст, што ўвесну прэзэнтавала Канапацкая (аўтарам чарнавіка сябе назваў леташні выпускнік юрфаку БДУ, вядомы ў Telegram пад нікнэймам Lach Ness).

Законапраект выслалі ў міністэрствы ў межах стандартнай працэдуры: аўтары законапраекту мусяць запытаць меркаваньня пра тэкст у дзяржаўных органаў, якія яны самі лічаць кампэтэнтнымі. Тэрмін адказу — да 3 кастрычніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канапацкая распрацавала законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сьцяга. Што яна прапануе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Законапраект пра бел-чырвона-белы сьцяг для Канапацкай напісаў нядаўні студэнт. Яна не прызнае гэтага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывіст «Союза русского народа» спрабаваў сарваць прэзэнтацыю законапраекту ў абарону бел-чырвона-белага сьцяга

Да законапраекту дадалі абгрунтаваньне на некалькіх старонках з апісаньнем таго, як сьцяг прымаўся ў якасьці дзяржаўнага і чаму трэба яго ўшаноўваць.

Таксама да законапраекту далучаныя сотні подпісаў у падтрымку закону, іх сабралі падчас Дня Волі ў Менску і пасьля ў рэгіёнах. Кавалькова згадвае, што ў лютым лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перадаў Міністэрству культуры больш як 10 тысяч подпісаў за наданьне бела-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Такі статус ужо мае герб «Пагоня», які, як і бел-чырвона-белы сьцяг, быў дзяржаўным сымбалем Беларусі ў 1991–1995 гадах — да рэфэрэндуму, прызначанага і праведзенага з парушэньнямі шэрагу законаў і Канстытуцыі.

Раней Мінкульт сумняваўся, што Беларускую Народную Рэспубліку абвяшчалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, і зьвяртаўся ў Акадэмію навук па тлумачэньні, у чым каштоўнасьць гэтага сьцяга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг