«Ён іх з жорсткасьцю ўдвох зьбівае галовамі». Маці школьніка распавяла, што ўбачыла на відэа

Маці дзевяціклясьніка Дзяніса Анастасія Ж. сказала, што на відэазапісе, які яна паглядзела, відаць, як дырэктар школы Фёдар Радзівон ударыў яе сына.

У Пінску расьсьледуецца інцыдэнт, які здарыўся 11 верасьня паміж дырэктарам сярэдняй школы № 18 Фёдарам Радзівонам і вучнямі СШ № 10 Дзянісам Ж. і Міхаілам Ц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны кажуць: а пайшоў ты...» Дырэктара школы вінавацяць у жорсткім зьбіваньні дзяцей

«У суботу нас выклікалі ў міліцыю, каб паказаць відэа вонкавага назіраньня. Ад таго жаху, які я ўбачыла, у мяне была гістэрыка. Я проста плакала. На відэа бачна, як едзе маё дзіця, едзе другое дзіця. Дарогу ім ніхто з малых дзяцей не перабягае. І выбягае дырэктар, насамрэч увесь растрапаны, хапае аднаго, хапае другога, ён іх з жорсткасьцю ўдвох зьбівае галовамі. У мяне адразу сьлёзы. І на другім кадры бачна, як ён бярэ іх за шкірку і зацягвае ў школу. У майго дзіцяці пры гэтым заплятаюцца ногі і яно спрабуе закрыць рот, бо ў яго там усё капала», — кажа Анастасія Ж.

Анастасія Ж. кажа, што цяпер разумее, чаму ў яе сына пацямнела ўваччу.

«Цяпер я веру свайму сыну на сто адсоткаў, што ён не вінаваты».

Яна выказалася супраць спыненьня справы, бо «гэтаму няма вытлумачэньня».

Анастасія Ж. таксама сказала, што дагэтуль дырэктар не патэлефанаваў ёй, каб папрасіць прабачэньня.

У інтэрнэце і ў школе праходзяць акцыі ў падтрымку дырэктара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вусы падтрымкі». У абарону дырэктара пінскай школы, якога вінавацяць у зьбіваньні дзяцей, запусьцілі флэшмоб

Сам дырэктар Фёдар Радзівон кажа, што шкадуе пра здарэньне, але адзначае, што самі дзеці правакавалі супрацоўнікаў (у тым ліку яго самога: «Ну, стукні мяне»), калі каталіся каля школы на роліках, скейтах і самакатах. На ягоныя спробы запрасіць дзяцей на размову ў школу, кажа ён, пачуў толькі непрыгожыя словы.

Паспрабаваў «узяць і завесьці ў школу», але «атрымалася сутыкненьне» — ён адмаўляе, што біў дзяцей.