Міністэрства інфармацыі паведаміла пра завяршэньне грамадзкага абмеркаваньня праекта пастановы ўрада «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу».
Паводле сайта міністэрства, паступіла 16 зваротаў.
«Дзесяць зваротаў, якія паступілі, не ўтрымліваюць прапаноў або ўтрымліваюць прапановы, якія не адносяцца да прадмета прававога рэгуляваньня праекта пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь. Шэсьць прапаноў будуць дадаткова прааналізаваны падчас дапрацоўкі праекта нарматыўнага прававога акта», — адзначае Мінінфарм.
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец сказаў БелаПАН, што Мініфарм праігнараваў прапанову БАЖ аб больш шырокім грамадзкім абмеркаваньні праекта дакумэнта.
«Мы заклікалі міністэрства правесьці абмеркаваньне з больш шырокім колам асоб, сустрэцца асобна, а не абмяжоўвацца выстаўленьнем дакумэнта ў інтэрнэце. На жаль, да нас не прыслухаліся», — сказаў Андрэй Бастунец.
Палажэньне аб парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў у інтэрнэце, паводле абноўленага закону аб СМІ, павінна набыць моц 1 сьнежня 2018 году разам з асноўнымі папраўкамі ў закон. Яно было апублікавана 11 верасьня. Улады прапануюць увесьці ідэнтыфікацыю камэнтатараў праз СМС-паведамленьні.
Увядзеньне абавязковай ідэнтыфікацыі інтэрнэт-карыстальнікаў падтрымлівае Міністэрства ўнутраных спраў. Міністар Ігар Шуневіч 16 верасьня ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў, што любая дзейнасьць павінна адбывацца па пэўных правілах, у адсутнасьць якіх адбываецца «анархія, безуладзьдзе і прыніжэньне правоў, свабоды і асобы грамадзяніна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч: «Інтэрнэт — гэта зона безадказных паводзінаў»
Шуневіч супраць «анархіі»
Паводле міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча, «калі няма правілаў, існуе анархія, існуе безуладзьдзе, існуе нейкае прыніжэньне правоў, свабодаў і годнасьці грамадзяніна», а «аўтарызацыя ў інтэрнэце будзе дысцыплінаваць мэдыясупольнасьць і карыстальнікаў інтэрнэту».
«Давайце прызнаемся, што ўсё ж сёньня гэтая сфэра — зона абсалютна безадказных паводзінаў у сэнсе выказваньняў, думак і іншага, абразаў, распаўсюджваньня паклёпу, учыненьня шэрагу злачынстваў, канкрэтных крымінальных злачынстваў, правапарушэньняў адміністрацыйных, — казаў Шуневіч. — Гэта зона безадказнасьці сёньня… практычна. Я з гэтым катэгарычна нязгодны».
Таму, сказаў Шуневіч, ён лічыць «мэтазгодным, правільным, сваечасовым рашэньне пытаньня ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу» — гэта, кажа ён, будзе «дысцыплінаваць усіх тых, хто на сёньняшні дзень ня ведае ні правоў, ні межаў, ні нейкіх умоваў, ні маралі, прынцыпаў».