Вядомыя арт-хаўсныя рэжысэры Францыі абвясьцілі ланцуговую галадоўку ў падтрымку ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які адбывае 20-гадовы тэрмін у зьняволеньня Расеі. Як паведамляе RFI, кінэматаграфісты паставілі намёт перад будынкам расейскай амбасады ў Парыжы, і ў гэтым намёце яны будуць начаваць па чарзе.
Сярод тых, хто далучыўся да акцыі, ляўрэат бэрлінскага кінафэстывалю і сустаршыня францускага Таварыства рэжысэраў Крыстоф Ружыа і ўладальнік прэміі Ceasar Эмануэль Фінкель. Яны хочуць прыцягнуць увагу францускага ўраду ды іншых эўрапейскіх урадаў да галадоўкі Сянцова
У Таварыстве кінэматаграфістаў заявілі, што будуць трымаць галадоўку па чарзе да таго часу, пакуль Сянцова ня выпусьцяць на волю. Плянуецца, што кожны з рэжысэраў па чарзе будзе праводзіць у намёце перад расейскай амбасадай 24 гадзіны бязь ежы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён кажа: мама, гэта я, а ў мяне сьлёзы цякуць». Людміла Сянцова паразмаўляла з сынамНа мінулым тыдні Сянцова намінавалі на прэмію Сахарава, якую штогод ўручае Эўрапейскі парлямэнт. Імя ляўрэата маюць абвясьціць у канцы кастрычніка.
Сянцоў асуджаны ў Расеі на 20 гадоў па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме. Сваёй віны ён не прызнае. 14 траўня Сянцоў абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў.
Прэмія Сахарава за свабоду думкі заснаваная ў 1988 годзе і ўручаецца людзям якія зрабілі «выключны ўнёсак у барацьбу за правы чалавека па ўсім зямным шары». Прэмія носіць імя савецкага навукоўца і праваабаронца Андрэя Сахарава