Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі выйшаў зь менскага раённага ізалятара пасьля 10 сутак арышту за пікетаваньне рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. Агулам сёлета ён адседзеў 50 сутак, а за ўвесь час — 424 сутак. Карэспандэнт Свабоды сустрэўся з Максімам Вінярскім па выхадзе з ізалятару і запісаў 10 самых яркіх ягоных уражаньняў.
• Ані ў Менскім раённым ІЧУ (ізалятары часовага ўтрыманьня), ані ў гарадзкім ізалятары на Акрэсьціна за год нічога не зьмянілася. Тыя ж двух’ярусныя ложкі, тыя ж цесныя камэры, у якіх то няма вады, то не хапае сьвятла.
• Ціск, бруд, спробы ўсяляк прынізіць — тыя самыя. І гэта звычайнае абыходжаньне з палітычнымі вязьнямі для дыктатуры: тыя, хто адстойвае свае погляды, мусяць за гэта сядзець у турме.
• Ня мае значэньня, зьвяртаецца да цябе ахоўнік на «вы» ці на «ты», прынёс ён табе кашу лепшую ці горшую. Усё роўна гэта палітычныя рэпрэсіі супраць актывістаў, у тым ліку тых, якія бароняць Курапаты.
• 50 дзён арышту толькі за гэты год, а ўсяго ўжо больш за год я правёў за кратамі. Пры тым, што паводле Крымінальнага кодэксу да адказнасьці не прыцягваўся.
• Лічу, што пікеты [каля рэстарацыі «Поедем поедим»] трэба працягваць. Прычым у найбольш актыўнай форме — калі не прапускаюць туды аўтамабілі. Усё іншае — тлумачэньні, гутаркі з наведнікамі па душах, раздача ім улётак пра Курапаты — гэта добра, але як дадатак. Адны гутаркі ня будуць эфэктыўнымі, тады сэнс варты будзе ў значнай меры страчаны.
• Як па мне, удзельнікі варты павінны дзейнічаць у адным фармаце. Інакш таксама на вынік спадзявацца не выпадае.
• У нас няма незалежных судзьдзяў, і гэта выдатна бачна на ўсіх палітычных працэсах.
• Прыкладам, адзінае, чаго хацеў судзьдзя на маім апошнім працэсе — гэта каб мы хутчэй скончылі. Ён не разглядаў ніводнага хадайніцтва, ігнараваў паказаньні сьведак. Яму загадалі, ён выконваў.
• Загадалі судзьдзі, каб «Новы час» выйграў пазоў у Ізраілевіча — гэтак і адбылося. Наступны загад можа быць іншы.
• Таму наша барацьба за Курапаты павінна працягвацца, саступак я пакуль ня бачу. І сам буду ў гэтай барацьбе браць удзел, пакуль магу змагацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец атрымаў чарговыя 10 сутак за Курапаты. І запрасіў судзьдзю на сход пікетоўцаўМаксіма Вінярскага асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за пікетаваньне 1 верасьня рэстарацыі «Поедем поедим» каля Курапатаў. Менскі раённы суд 3 верасьня прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаваньні міліцыі.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.