Каб ён прысутнічаў на зацьвярджэньні ІІІ Устаўной граматы, гісторыя Беларусі магла б пайсьці ў іншым кірунку. Ён называе сябе адзіным палітычным блогерам Беларусі. І дадае: толькі таму, што іншых няма.
Ён па пяць разоў на год адмаўляе хэдхантэрам зь вядомых кампаній і жыве з жонкай на 300 даляраў у месяц — столькі застаецца пасьля сплаты падаткаў з краўдфандынгу і арэнды кватэры.
Джон Сыльвэр раскрыў сваё сапраўдане імя ў 2015-м, калі яго затрымала спачатку беларускае КДБ, а пасьля расейскія спэцслужбы — за ананімную антыкрамлёўскую публіцыстыку на сайце 1863x.com.
Эдуард Пальчыс зазнаў тры месяцы ў турмах Бранску і Смаленску, экстрадыцыю ў Беларусь і суд. У 2017-2018 ягонае імя гучала ў сувязі з абаронай Курапатаў і масавым сьвяткаваньнем канцэрту #БНР100.
Расейская прэса называе яго «бацькавым нацыстам», а беларускія апазыцыйныя палітыкі хацелі б бачыць яго сваім піяршчыкам.
Эдуард Пальчыс даў вялікае інтэрвію. Ніжэй тэзы, поўная гутарка — у відэа.
«У Расеі размаўляў бы па-беларуску, але ў Беларусі эфэктыўней па-расейску»
Тыя, каго хвалюе, што Эдуард Пальчыс не размаўляе па-беларуску, — прадстаўнікі «жорсткага фэйсбучнага гета», лічыць блогер.
Ён працягвае пераконваць, што калі 80% беларусаў гавораць па-расейску і ў іх ёсьць моўны бар’ер, то ідэі нацыянальнай асьветы і гісторыі павінны для іх быць даступныя па-расейску.
У той жа час Пальчыс заявіў, што выступае за адзіную дзяржаўную мову — беларускую, і прадэманстраваў выдатнае валоданьне ёю.
«Я б марыў, як многія, у Брусэль, Вашынгтон, але, на жаль, не наскроб грантаў яшчэ»
Нядаўна блогер з жонкай быў у Польшчы. Ён прызнаўся, што наведаў гэтую краіну першы раз.
Эдуард лічыць, што для разваг на геапалітычныя тэмы і аналітычных параўнаньняў Беларусі зь іншымі краінамі хапае інтэрнэту, а таксама размоваў з тымі, хто часта выяжджае за мяжу па палітычных справах.
Топ-3 гарадоў, дзе можна прасякнуцца духам беларушчыны
На думку, Эдуарда Пальчыса, гэта
- Ліда
- Ліда
- Ліда
Дзесьці пасьля ідуць Горадня, Нясьвіж і Полацак.
«Пуцін і заходнія левалібэралы — праява аднаго і таго ж»
Эдуард Пальчыс, блог якога прасякнуты антыкрамлёўскай рыторыкай, неаднаразова рабіў нападкі на заходніх левалібэралаў, якіх, у сваю чаргу, крытыкуе Пуцін. Мы папрасілі блогера патлумачыць. Як ён гэта зрабіў, глядзіце ў відэа.
«Саюз мужчыны і жанчыны — гэта норма, тое, як гэта павінна быць»
Эдуард Пальчыс па сутнасьці згодны з заявай МУС пра ЛГБТ. Але лічыць, што дзяржаўныя органы не павінны ўмешвацца ў тэму хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Для гэтага ёсьць царква.
«Калі нагуляюцца з гомасэксуальнымі меншасьцямі, будуць абараняць правы робатаў»
Трэнд на прасоўваньне левалібэральнага лобі існуе ўжо 60-70 гадоў, лічыць Пальчыс. Усё пачалося з таго, што група інтэлектуалаў-мысьляроў вырашыла абараняць правы пралетарыяту, што прывяло да спробаў стварыць камунізм.
Пасьля таго, як у заходніх краінах усталяваўся капіталізм, нашчадкі гэтых інтэлектуалаў знайшлі іншыя прыгнечаныя групы — мігрантаў, сэксуальныя меншасьці і гэтай далей. Пальчыс кажа, што паступова такія ідэі сталі пранікаць у журналістыку, кінэматограф, ва ўнівэрсытэты.
«За сьмяротнае пакараньне»
Тыя, да каго ня можа быць літасьці, паводле Эдуарда Пальчыса, — Гітлер, Сталін, Гіркін ды іншыя ваенныя злачынцы.
«Курапаты — усё кепска»
Сытуацыю трэба было вырашаць у 2012 годзе, кажа Пальчыс. Цяпер пачалі байкатаваць, ня ведаючы, супраць каго змагаемся. Плюс — праблема разлажэньня палітычных сілаў і партый. Нават «Малады Фронт» зьмізарнеў да 6 чалавек.
«Апазыцыі трэба не аб’ядноўвацца, а разьядноўвацца»
А яшчэ адкідаць усё мёртвае — падыходы, ідэі і кадры, якія застаюцца з 90-х і нулявых гадоў. Адзіная ідэя апазыцыі — выйсьці на Плошчу, сабраць там 100 тысяч — больш не працуе, лічыць Пальчыс.
Далей блогер патлумачыў, за што ня любіць «Гавары праўду», і пералічыў беларускіх апазыцыйных палітыкаў, каму, на яго думку, варта ісьці на наступныя прэзыдэнцкія выбары, і каму ня варта.
«Пра стварэньне нашай уласнай партыі Матолька мне не казаў»
Эдуард Пальчыс аспрэчыў чуткі пра тое, што фронтмэны арганізацыі сьвяткаваньня канцэрту да 100-годзьдзя БНР плянуюць ісьці ў палітыку. Але дадаў, што гатовы далучыцца да каманды «нармальнага кандыдата».
«Бацькавы нацысты»
У расейскіх мэдыя Пальчыса залічваюць да «бацькавых нацыстаў», а таксама называюць «убийцей русского мира» і «шчырым русафобам».
Блогер лічыць, што гэта вынік зьмяненьня падыходу Крамля, які цяпер лічыць Лукашэнку не хаўрусьнікам і сябрам, а хітрым маніпулятарам, які смокча рэсурсы Расеі. Ці гатовы і на якіх умовах Пальчыс пагадзіцца на ролю афіцыйнага ідэоляга, глядзіце ў відэавэрсіі інтэрвію.
«Каб нармальна жыць, мне патрэбна 700-800 даляраў»
Эдуард Пальчыс разам з жонкай жывуць на сродкі, якія зьбіраюць праз краўдфандынг. Гэта каля 500 даляраў штомесяц мінус 38% падаткаў. Блогер лічыць, што для жыцьця ягонай сям’і гэтага недастаткова, але апраўдвае гэта агульнай культурай ахвяраваньняў на палітычную дзейнасьць.
«У нас настолькі глыбокі савок, што лічыцца нармальным пісаць пра мяне: „Вось ён зьбірае грошы, замест таго, каб займацца беларушчынай”».
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.