Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян сказаў, што праслухоўваньне кіраўнікоў праваахоўных органаў зьяўляецца «змовай і злачынствам супраць дзяржаўнасьці Рэспублікі Армэнія».
Гэткім чынам кіраўнік ураду аднёсься да апублікаваных 11 верасьня ананімнай крыніцай аўдыёзапісаў тэлефоннай размовы паміж дырэктарам Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ) і начальнікам Спэцыяльнай сьледчай службы, у якім тыя абмяркоўвалі крымінальную справу аб падзеях 1 сакавіка 2008 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы ў шаленстве». У Армэніі апублікавалі запіс размовы двух высокіх сілавікоў«Я даю распараджэньне Службе нацыянальнай бясьпекі і паліцыі ў самыя кароткія тэрміны знайсьці арганізатараў гэтай змовы і падвергнуць іх строгай адказнасьці», — заявіў Пашыньян, выступаючы на перадвыбарным мітынгу вечарам 11 верасьня.
Паводле Пашыньяна, рэйды па зьнішчэньні «спэцыяльных службаў», створаных алігархамі і некаторымі чыноўнікамі, якія завезьлі ў краіну незаконныя прылады дзеля праслухоўваньня, а таксама па раззбраеньні так званых «целаахоўнікаў», якія знаходзяцца на службе ў алігархаў, павінны пачацца ўжо зараз.
У згаданых аўдыёзапісах, у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, як адзін з судзьдзяў патэлефанаваў дырэктару СНБ і спытаў, якое рашэньне варта прыняць па пытаньні меры стрыманьня ў дачыненьні да былога прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна.
«Я яшчэ на мітынгу 17 жніўня на плошчы Рэспублікі ў Ерэване заявіў, што ў цэлым, на маю думку, справа „1 сакавіка“ раскрытая, і ўсё забойцы павінны быць пасталеныя перад судом, іншага варыянту няма, — сказаў Пашыньян раней 11 верасьня, у жывой трансьляцыі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Хіба я хаваў нешта ад вас пасьля свайго абраньня прэм’ер-міністрам? Я сказаў, што да гэтага часу судзьдзі тэлефануюць, пасылаюць вестачкі, пытаюцца, што ім рабіць, як вырашыць тое ці іншае пытаньне. У гэтым няма ніякага сакрэту. І я сказаў, што адмаўляюся даваць ўказаньні судовай сыстэме».
1 сакавіка 2008 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Сэрж Саргс’ян, адбыліся акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і актывістамі загінулі дзесяць чалавек, сотні былі параненыя. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад ужыць сілу супраць пратэстоўцаў, да гэтага часу застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Робэрт Качар’ян (ён узначальваў Армэнію з 1998 па 2008 год).
«Справа 1 сакавіка» доўгі час не расьсьледавалася, але была зноў адноўленая пасьля «Аксамітнай рэвалюцыі» 2018 году і прыходу да ўлады ў Армэніі Нікола Пашыньяна.